Другая нядзеля Вялікага посту, Год А (08.03.2020)

Пан сказаў Абраму: Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу. Я ўчыню з цябе вялікі народ і буду благаслаўляць цябе, і ўзвялічу імя тваё, і станеш благаслаўленнем. Буду благаслаўляць тых, хто цябе благаслаўляе, а тых, хто зневажае цябе, Я пракляну. І будуць благаслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі.

І выйшаў Абрам, як загадаў яму Пан.

(Быц 12, 1–4а)

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, а голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся». Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».  

(Мц 17, 1–9)

Быць Божымі дзецьмі

У сённяшнім евангельскім фрагменце апісваецца, як Пан Езус забраў Пятра, Якуба і Яна на гару і там перамяніўся перад імі. Досвед, які атрымалі вучні, убачыўшы Хрыста ў славе, павінен іх узмацніць і ўратаваць іх веру тады, калі яны ўбачаць пакуты і смерць Езуса. Разважаючы пра гэтую сцэну, прызначаную таксама і для нас, варта ўслухацца ў словы, якія прагучалі з воблака: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Асноваю тоеснасці Езуса з’яўляецца тоеснасць Божага Сына, і яна ж з’яўляецца асноваю збаўлення. Божы Сын прыйшоў у свет, каб сабраць рассеяных Божых дзяцей разам і даць людзям удзел у Боскім сыноўстве. Ідучы за Ім следам, слухаючы Яго слова, мы адкрываем у сабе дар — здольнасць быць Божым дзіцём. Тоеснасць Божага дзіцяці — лек ад ранаў і крыўдаў. Яно не пазбаўляе нас ад пакутаў і смерці, але, дзякуючы еднасці з Айцом, мы няспынна перамагаем пакуты і смерць, дзякуючы Яго ласцы.

Дзякуючы гэтай еднасці мы няспынна прымаем удзел у ласцы Уваскрасення. У цэнтры нашага жыцця ўжо не смяротная рана, а аздараўленне. І нават больш, гэтае аздараўленне праз нас удзяляецца свету, як напісана: з яго пацякуць крыніцы вады жывой. Дзякуючы здольнасці быць Божымі дзецьмі чалавек становіцца крыніцаю жыцця ў свеце. Прымаючы гэты дар быць дзецьмі Бога, мы, як ні парадаксальна, становімся бацькамі для свету, у якім жывем. 

Сёння ў літургічных чытаннях мы сустракаемся і з Абрагамам, якому Бог наказвае пакінуць родны край і дом свайго бацькі. У пэўным сэнсе ён мусіць пакінуць сваю зямную тоеснасць, адмовіцца ад таго, на што дагэтуль спадзяваўся. Цяпер адносіны з Богам павінны выхоўваць і фармаваць яго, павінны стаць крыніцаю яго тоеснасці. Не да канца гэта ўсведамляючы, не робячы гэта наўпрост, ён уваходзіць у Божае сыноўства. І менавіта гэтая тоеснасць Божага дзіцяці чыніць яго бацькам многіх народаў. 


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней