Не запярэчыць і не адступіць

Пальмовая нядзеля або Нядзеля Мукі Пана, Год А (05.04.2020)

Пан Бог даў Мне мову мудрых, каб Я ведаў, як словам падтрымаць знясіленага. Кожную раніцу Пан будзіць Мяне, абуджае слых Мой, каб Я слухаў Яго, як вучань. Пан Бог адкрыў вуха Маё, і Я не запярэчыў, не адступіў назад. Плечы свае я падставіў тым, хто б’е, і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду Маю. Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і аплявання. Пан Бог дапамагае Мне, таму Я не буду асаромлены, таму зрабіў Я твар свой, як цвёрды камень, і ведаю, што не зазнаю сораму. 

(Іс 50, 4–7)

Езус жа стаў перад намеснікам, а той спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш». І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў. Тады сказаў Яму Пілат: «Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе?» Але Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.

На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня. Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба. І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?» Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго. 

А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго». Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць. Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!» Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» 

Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых». Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. А калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне.

Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірынэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці Ягоны крыж. Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае «Месца Чэрапа», далі Яму выпіць віна, змяшанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы. І, седзячы, пільнавалі Яго там. А над галавой Ягонай змясцілі надпіс з віной: «Гэта Езус, кароль юдэйскі». 

Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!» Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”». Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.

Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. А каля гадзіны дзевятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Ён кліча Іллю». І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго. А другія казалі: «Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго». Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа. 

І вось, заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі і выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, увайшлі ў святы горад і паказаліся многім. А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: «Праўдзіва, гэта быў Сын Божы!»

(Мц 27, 11–54)

Не запярэчыць і не адступіць

У нядзелю Мукі Пана, Пальмовую нядзелю, першае літургічнае чытанне ўзята з кнігі прарока Ісаі. Гэтае Божае слова рыхтуе нас да падзеяў, якія адбудуцца праз некалькі дзён, рыхтуе нас нанова перажываць і сузіраць Муку Пана. У прароцтве Ісаі да глыбіні душы ўражвае праўда, якую ён адкрывае пра Месію, Хрыста, які дабравольна выбраў вузкую сцежку, прапанаваную Яму Богам Айцом. Разважаючы пра свядомы і дабравольны выбар Пана Езуса, многія з нас, напэўна, б’юць сябе ў грудзі са шкадаваннем, бо мы з вамі ахвотна хаваем твар ад пляўкоў і знявагаў. А замест таго, каб падставіць плячо тым, хто жадае нас ударыць, мы з усіх сілаў пазбягаем прыніжэння. 

Што ж насамрэч азначае не хаваць твар і падстаўляць плячо? Айцец Яцак Салій ОР гаворыць, што ў сітуацыі, калі жыццю або годнасці чалавека нешта пагражае, наша прырода дыктуе два спосабы паводзінаў: гэтак жа, як жывёлы, мы або ўцякаем, або адплачваем злом за зло. Гэта не па-евангельску, бо ў гэтым мы не наследуем свайго Настаўніка. Справа ў тым, што ў любой складанай сітуацыі Бог кліча чалавека да нейкага дабра, нават калі цаною за яго будзе прыніжэнне і боль. Гэтым дабром можа быць, напрыклад, навяртанне іншага чалавека, нашага бліжняга. Езус сваімі словамі і ўчынкамі вучыць нас, як паводзіць сябе ў такіх сітуацыях, і дае пэўнасць, што калі мы даверымся Яму ў цяжкую хвіліну, Ён удзеліць нам сваю ласку і дапаможа не ўцякаць, бо гэта баязлівасць, і не плаціць злом за зло, бо гэта помста. Хрыстус гаварыў, што настане час, калі трэба будзе падставіць другую шчаку і прайсці дзве тысячы крокаў замест тысячы. Ён сам даў прыклад гэтага, калі цярпеў на Крыжы, дазволіўшы, каб абедзьве Яго рукі і абедзьве нагі былі прабіты цвікамі дзеля таго, каб вызваліць чалавецтва ад граху, моцы злых духаў і смерці. Гэта вялізнае дабро, за якое Ён свядома і адважна змагаўся, падтрыманы любоўю Бога Айца. Вучні, якія падчас цяжкога выпрабавання ў Вялікую пятніцу ўцяклі, напэўна, баяліся помсты Уваскрослага Пана Езуса, як разважаў біскуп Робет Бэран. Але калі Ён, Божае Ягня, наведаў сваіх вучняў, прайшоўшы праз замкнёныя дзверы, то не абвінаваціў іх у нявернасці, не адплаціў ім злом за зло, а замест гэтага сказаў: «Спакой вам». Езус сваім учынкам пацвердзіў усё, чаму вучыў. 

Задайце сабе яшчэ адно пытанне: як я магу наследаваць Езуса і не паддацца спакусе ўцячы і адплаціць злом за зло, калі гэтага патрабуе нейкае дабро? Можа, гэта справа майго маральнага выбару, які крытыкуюць людзі, што самі паступаюць амаральна? Можа, гэта выпрабаванне, калі мне трэба будзе не адмовіцца ад сваёй прыналежнасці да Езуса, а мае мудрыя аргументы ў абарону праўды выклічуць толькі смех і здзекі? Гэта адбудзецца і тады, калі мне здрадзяць людзі, ад якіх гэтага немагчыма было чакаць. Можа здарыцца цяжкая сітуацыя, калі цябе апануе хвароба (каранавірус) ці іншае няшчасце, якое можна ператварыць у мілую Богу ахвяру, адмовіўшыся бунтаваць з гэтай прычыны.

Памолімся: Езу, я баюся падставіць шчаку і хацеў бы схаваць твар ад пляўкоў. Дай жа мне сілы пераадолець спакусу баязлівасці і помсты. Адары мяне мудрасцю, каб у час выпрабавання нада мною заяснела святло Тваёй праўды. Прашу Цябе, Пане, каб Твая ласка агарнула тых, хто будзе мяне выпрабоўваць, бо яны яшчэ не спазналі Тваёй любові. 


 Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней