Час няпэўнасці і разгубленасці

Трэцяя Велікодная нядзеля, Год А (26.04.2020)

Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. Яны размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што нядаўна адбылося. А калі размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?» Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як  гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».

Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?» І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго. Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі быў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. Яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?» І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону». Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

(Лк 24, 13–35)

Час няпэўнасці і разгубленасці

Напэўна, інакш уяўлялі сабе ТУЮ ПАСХУ вучні Езуса, якія ў першы пасля святой суботы дзень пакінулі Ерузалем і паспяшылі ў Эмаус, далей ад месца, дзе так раптоўна і жорстка разбурыліся ўсе іх мары і спадзяванні. Вернікі ва ўсім свеце таксама інакш уяўлялі святкаванне Пасхі ў 2020 годзе: вірус COVID-19 перакрэсліў усе планы: і свецкія, і рэлігійныя. Тым не менш, у гэтай сітуацыі Беларусь па колькасці прысутных на пасхальных урачыстасцях вернікаў бадай што пераўзышла многія іншыя краіны, дзе быў уведзены строгі каранцін, якога ў нас няма, хоць меры прафілактыкі дзейнічаюць і ў нашым грамадстве: у беларускіх святынях на гэты раз было не так шматлюдна, як звычайна падчас Трыдуума.

Многія скарысталіся спецыяльнаю дыспэнсаю ад удзелу ў абавязковых набажэнствах, якая была дадзена ў сувязі з пандэміяй. Хочацца спадзявацца, што іх святкаванне Вялікадня не абмежавалася застоллем, і адсутнасць на літургіі была кампенсаваная з дапамогаю тэлебачання або інтэрнэта, які з прычыны надзвычайнай сітуацыі ў свеце замяніў сабою асабістыя кантакты і прысутнасць у многіх сферах жыцця.

Але ў сувязі з гэтаю рэчаіснасцю слушна паўстае пытанне: калі міне гэтая зараза, ці вернецца чалавецтва да нармальных кантактаў і, галоўнае, ці выстаяць вернікі перад спакусаю перавесці ў рэжым онлайн і сваё рэлігійнае жыццё? Бо куды больш прыемна сядзець на выгодным фатэлі перад экранам і глядзець добра падрыхтаваную літургію з вядомай прыгожай святыні, чым стаяць у неацепленым сціплым парафіяльным касцёле, дзе літургічныя магчымасці абмежаваныя, а спеў далёкі ад дасканаласці. Аднак не трэба забывацца, што самая лепшая трансляцыя можа толькі стварыць адпаведны малітоўны настрой (калі каментатар не вельмі перашкаджае), але не заменіць асабістай сустрэчы з жывым Богам у святых Сакрамэнтах. Магчыма, параўнанне будзе не зусім адпаведным, але разгляданне прысмакаў у кулінарным шоў не дасць насычэння, пакуль не пойдзеш на кухню і не прыгатуеш нешта, як і назіранне, скажам, за плыўцамі не зраўняецца з магчымасцю нырнуць у чыстую празрыстую ваду…

Падобна, што сёння свет, гэтак жа, як вучні Езуса, апынуўся ў сітуацыі, поўнай няпэўнасці, і, як яны, імкнецца выйсці з яе ўласным разуменнем. Як жа важна, аднак, памятаць, што Уваскрослы з намі побач, і ўспрымаць падзеі сучаснасці як магчымасць перамяніцца ў лепшы бок, убачыць памылкі і выправіць іх, вярнуцца да сапраўдных вечных каштоўнасцяў. На жаль, вочы многіх людзей дагэтуль стрыманыя, а сэрцы — марудныя… Таму хто, калі не хрысціяне, мусіць яшчэ больш рупліва запрашаць Пана да сябе ў сакрамэнтальных знаках, каб Ён запаліў сэрцы, умацаваў веру і даў сілы і ўмеласць абвяшчаць Яго перамогу над усялякім злом, выкарыстоўваючы ў тым ліку і тэхнічныя дасягненні, але не замяняючы імі жывога кантакту з Панам жыцця?


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней