Пятая Велікодная нядзеля, Год А (10.05.2020)

У тыя дні, калі колькасць вучняў павялічвалася, эліністы пачалі наракаць на габрэяў, што яны забываюць пра іхніх удоваў у штодзённым служэнні. Тады Дванаццаць склікалі ўсіх вучняў і сказалі: «Нягожа, каб мы занядбалі слова Божае і служылі пры сталах. Таму, браты, выберыце з вашага ліку сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці, якім даручым гэтую паслугу. А мы будзем трываць у малітве і ў служэнні слова». Спадабалася гэта ўсёй грамадзе, і абралі Стэфана, мужа поўнага веры і Духа Святога, Філіпа і Прохара, Міканора і Тымона, Пармэна і Мікалая, празеліта з Антыёхіі, якіх паставілі перад Апосталамі. Яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.

А слова Божае пашыралася, і значна павялічвалася колькасць вучняў у Ерузалеме. І шмат святароў паверыла.

(Дз 6, 1–7)

Умілаваныя:

Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага, і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, святарства святое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, прыемныя Богу, праз Езуса Хрыста. Бо сказана ў Пісанні: «Вось я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, не асароміцца». Таму, для вас, веруючых, Ён —каштоўнасць, а для няверуючых — «камень, які адкінулі будаўнікі. Ён стаў галавою вугла», «каменем спатыкнення і скалой спакусы». Яны спатыкаюцца аб яго, бо не пакараюцца слову, дзеля гэтага яны і пакінуты.

Вы ж – выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло.

(1 П 2, 4–9)

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».

Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?» Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі». Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца.

(Ян 14, 1–12)

 

«Пакажы нам Айца…»

Сёння ў Евангеллі мы бачым Філіпа, які просіць Пана Езуса паказаць ім Айца. Пан Езус так на гэта адказвае: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца». Ён нагадвае Філіпу, што той, хто бачыць Яго справы, бачыць справы Айца. Вядома, гэта не азначае, што Езус — гэта Айцец, Ён — іншая Асоба, але з другога боку, усе Асобы Тройцы заўсёды прабываюць у еднасці і таму адчуваецца прысутнасць усіх Трох. Любоў Айца аб’яўляецца ў Хрысце. Намеры Айца, Яго воля і збаўленне бачныя ў дзеянні Сына. Пан Езус заклікае і нас да еднасці з Ім.

Безумоўна, прысутнасць Айца ў Сыне не такая, як у створаным свеце. Але Бог для таго стаў чалавекам, каб мы асаблівым чынам маглі распазнаць гэтую прысунасць. Дзякуючы ўцелаўленню Божага Сына, цяпер чалавек атрымаў магчымасць быць блізка Айца. Бог яшчэ больш можа аб’явіць сябе ў чалавеку. Кожнае ўчыненае мною дабро, кожная праява любові — з Божай крыніцы. І для гэтага я прымаю сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю, каб Хрыстус жыў ува мне, каб перамагаць грэх Яго перамогаю, любіць Ягонаю любоўю, каб Яго любоў перамяняла ўсе мае адносіны з навакольным светам і каб я прабываў у Ім.

З сутнасцю словаў, прамоўленых Хрыстом у сённяшнім евангельскім урыўку, цесна звязанае першае чытанне з Дзеяў Апосталаў. У ім мы бачым малады Касцёл: з аднаго боку ўсё вельмі прыгожа, але пачынаюць ўзнікаць першыя падзелы. Эліністы крыўдуюць на габрэяў. Усе яны — адзін Касцёл, але у падзеях, якія адбываюцца, мы бачым ужо не толькі Цела Хрыста і Божую ласку, а і чалавечую слабасць. Аднак што робяць Апосталы? Яны не крыўдуюць на абвінавачванні эліністаў, а прызначаюць дыяканаў, каб выконваць патрэбнае служэнне. Крызіс становіцца штуршком для развіцця Касцёла. Заўважце, што імёны прызначаных дыяканаў грэцкія, Апосталы даручаюць справу менавіта пакрыўджанай супольнасці. На падазрэнні і духоўную слепату яны рэагуюць яснасцю позірка: нягледзячы ні на што, мы бачым у вас улюбёных Божых дзяцей, братоў Хрыста, Касцёл, і таму даручаем вам займацца справамі міласэрнасці ў Касцёле. Яшчэ раз узгадаю просьбу Філіпа: «Пане, пакажы нам Айца…».  Гэта пытанне і для мяне: ці ўмею я ўбачыць Бога і Божае дзеянне, ці ўмею ўбачыць Хрыста ў сваім браце?


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней