Шостая Велікодная нядзеля, Год А (17.05.2020)

Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі, Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе. Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас. Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму.

(Ян 14, 15–21)

Дыхаць, каб жыць

Дух Святы — як паветра. Мы не бачым яго, не заўважаем, але калі раптам пачнем задыхацца, то адразу зразумеем, што паветра жыццёва важнае і патрэбнае нам, упэўненым ва ўласнай аўтаноміі. Проста і адначасова геніяльна, што людзям патрэбнае паветра, каб жыць, і ёсць лёгкія, каб гэтае паветра прыняць. Камень добра адчувае сябе і на зямлі, і ў космасе, а жывому стварэнню неабходна дыхаць.

А як жа Святы Дух? Ці можна пачаць задыхацца ад недахопу Духа? Вельмі легка. Пачынаецца ўсё гэтак жа, як у прыкладзе з паветрам, з таго, што мы перастаем яго заўважаць і цаніць яго важнасць, пачынаем замест чыстага паветра дыхаць смуродам.

Пан Бог даў нам цудоўную магчымасць насычаццца Святым Духам, даў нам сакрамэнты і Божае слова. Больш за тое, Ён паабяцаў, што Дух Святы будзе жыць з намі і ў нас. Таму мы пачынаем задыхацца і духоўна паміраем, калі не любім Бога, а каб любіць Яго, нам патрэбная дапамога Духа Святога. Ён прывучвае нас да «евангельскага паветра», якое дапамагае жыць з Богам. І ўвогуле, дапамагае жыць, а не забіваць дадзены нам час.

Прыйдзі, Духу Святы!


Айцец Павел Мажэйка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней