Cёмая Велікодная нядзеля, Год А (24.05.2020)

Сказаўшы гэта, Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсяму, што Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста. Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.

Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі, і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, паходзіць ад Цябе. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне. Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, Я ж іду да Цябе. Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы.

(Ян 17, 1–11)

«Услаў Сына свайго…»

У сённяшні час, на жаль, нават у афіцыйных дакументах назіраецца небяспечная тэндэнцыя выкарыстоўваць словы і выразы не ў тым значэнні, якое яны маюць. Таму часам аказваецца, што цяпер грошы зарабляюць не толькі добрасумленныя працаўнікі ў розных сферах карыснай і творчай дзейнасці, але і розныя ашуканцы, махляры, злодзеі, рабаўнікі, нават гультаі, хоць іх спосаб здабывання матэрыяльных сродкаў не мае нічога агульнага з працай, бо ўчынкі і спрыт такіх людзей накіраваныя выключна на ўласнае ўзбагачэнне і прыносяць шкоду іншым.  

Гэтак жа пары, жывучы разам, аддаючыся цялесным жарсцям, але не жадаючы пры гэтым браць адказнасць нават адзін за аднаго, цяпер крывадушна называюцца «грамадзянскімі сужэнствамі», хоць сапраўднае грамадзянскае сужэнства пацвярджаецца ў адпаведнай дзяржаўнай установе актам грамадскага стану, і гэтым адрозніваецца ад заключанага перад Богам адзінага сапраўднага царкоўнага або касцёльнага сужэнства. Аднак дзяржаўная рэгістрацыя надае сужэнству пэўны грамадскі статус з адпаведнымі правамі і абавязкамі, чаго нельга сказаць пра банальнае сужыцельства (канкубінат). Ці не лепш менавіта гэтым лацінскім словам карыстацца тым, хто саромеецца называць рэчы па імені на ўласнай мове? Называюць жа сужэнскую здраду прыгожым французскім словам «adultère».

Хтосьці скажа: маўляў, мова развіваецца, змяняецца... Не, гэта не развіццё мовы, а бессаромная падмена паняццяў, якая ў выніку сцірае розніцу паміж маральнасцю і яе адсутнасцю, ставіць дабро і зло на адзін узровень, ствараючы хаос у галовах і сумленнях людзей, прывучаючы іх жыць у няпраўдзе.

Сярод шэрагу прыкладаў неадпаведнага карыстання словамі назва віруса, які на працягу апошніх месяцаў трымае ў напружанні ўвесь свет, здаецца толькі недарэчным непаразуменнем. Чаму гэтая назва паходзіць менавіта ад слова «карона»? Лагічна дапусціць, што яго структура падобная да вянца ці кароны. Але сродкі масавай інфармацыі пастаянна дэманструюць нам нейкія калючыя шары, якія больш нагадваюць калючкі дзядоўніка, што чапляюцца да вопраткі, ці булаву, якая трушчыць усё на сваім шляху. Падаецца, такія параўнанні лепш характарызуюць вірус, чым карона — адзнака славы і ўлады, што вянчае галовы ўладароў? Калючы шар на галаву не ўздзенеш, хіба толькі зраніўшы і праткнуўшы скуру… Крыху апраўдаць назву віноўніка цяперашняй пандэміі можа толькі адна з мноства разнастайных карон — цярновая, якой чалавек,  няўдзячны вянец стварэння, укаранаваў галаву вечнага Манарха, свайго Стварыцеля, Дабрачынцы і Збаўцы. Той, хто маліўся да Айца: «Услаў Сына свайго» ўжо на наступны дзень пасля гэтай малітвы атрымаў яе і дагэтуль працягвае атрымліваць ад тых, хто не пазнаў Яго, Божае слова і вечную Праўду, і ўскладае на сябе карону ганарыстасці, веры ва ўласную ўсемагутнасць і ледзь не боскасць.

І вось чалавецтва апынулася «пад каронаю» віруса, і гэта паказвае нам, як мала трэба, каб зруйнавалася ўсё, чым людзі так цешыліся, на чым будавалі сваё зямное шчасце. Калючкі, якімі мы адплачвалі за Божую любоў, вярнуліся назад да нас, колючы без разбору. Тыя ж, хто церпіць ад іх незаслужана, маюць магчымасць прыпадобніцца да Езуса, бо Ён пазбыўся належнай Яму славы, якую меў перш, чым быў створаны свет, і выразам гэтага стала балючая ганьба цярновай кароны і несправядлівыя крыжовыя пакуты. Хто здолее ў гэтай бядзе вызваліцца ад хлусні і самападману, прызнаўшы ўладу Бога над светам, пазнаўшы праўду Яго навукі і дзякуючы ёй з гонарам перанясе чарговае выпрабаванне, той несумненна апынецца ў ліку тых, за каго Сын просіць Айца падчас святой Вячэры, для каго Ён падрыхтаваў неўвядальную карону сапраўднай славы і вечнага жыцця.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней