Спасланне Духа Святога, Год А (31.05.2020)

Ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым.

Розныя ёсць дары, але той самы Дух. Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан. Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх. Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць.

Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус. Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам.

(1 Кар 12, 3b–7. 12–13)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

(Ян 20, 19–23)

Божыя лекі

Большасць з нас цудоўна памятае біблійнае апавяданне пра Бабілёнскую вежу, калі Бог змяшаў чалавечыя мовы (гл. Быц 11, 1–9). З аднаго боку, гэтая гісторыя паказвае, якая вялікая сіла заключана ў згодзе і еднасці паміж людзьмі. З іншага боку, мы бачым, што чалавек без Божай ласкі выкарыстоўвае гэтую сілу еднасці для таго, каб спаўняць свае самыя “прыземленыя” жаданні, умацоўваючы ў сабе пыху і эгаізм, якія ў рэшце рэшт знішчаюць еднасць. Сродак, які Бог дае нам ад гэтай хваробы, — спасланне Духа Святога, таму што крыніца сапраўднай згоды і еднасці паміж людзьмі — гэта Бог. Нашая еднасць будуецца Духам Святым: «Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела». З гісторыі пра Бабілёнскую вежу мы ведаем, што яе нельга пабудаваць выключна чалавечымі высілкамі, бо нас аслабляюць неўпарадкаваныя памкненні і жаданні. Аднак, як піша св. Павел, «кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць». Таму чалавек, жывучы і паступаючы ў моцы Духа, у стане перамагчы сваю слабасць і праз здольнасці і таленты памнажаць дабро ў свеце.

Вядома, дзеянне Духа Святога не выключае ўдзелу чалавека ў тым, каб дбаць пра агульнае дабро. Яно не пазбаўляе людскія ўчынкі самастойнасці, наадварот: менавіта Спасланне Духа Святога на супольнасць Касцёла сведчыць пра тое, што Бог жадае, каб мы пашыралі ў свеце дабро. Дух Святы і Яго дары (гл. 1 Кар 12, 8–11) патрэбныя для таго, каб нашыя ўчынкі прыносілі яшчэ багацейшы плён.


Айцец Марыюш Куліг OP

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней