Найцудоўнейшая таямніца хрысціянства

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год А (07.06.2020)

Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

(Ян 3, 16–18)

Найцудоўнейшая таямніца хрысціянства

Сёння Касцёл запрашае нас схіліцца перад найбольшаю таямніцаю хрысціянства — перад таямніцаю Бога, адзінага ў трох Асобах. Немагчыма спасцігнуць гэтую таямніцу, але можна жыць ёю. Яна падобная да акіяна, які немагчыма выпіць, але ў які можна нырнуць. З Божага Аб’яўлення мы ведаем, што Святая Тройца — гэта любоў трох Асобаў, якія прабываюць у даверы і дасканалым супрацоўніцтве. Гэтая таямніца настолькі цудоўная і незвычайная, што ў нябёсах усю вечнасць мы нястомна будзем захапляцца і радавацца, адкрываючы глыбіні прыгажосці, мудрасці і дабрыні Святой Тройцы, будзем сузіраць Божую любоў, што цалкам паглыне нас і дарэшты напоўніць шчасцем. Супольнасць любові Бога Айца, Бога Сына і Бога Святога Духа – трох Асобаў, злучаных у адно цэлае, запрашае кожнага чалавека стаць часткаю Іх любові, каб разам з Імі любіць бліжніх. Таямніца Святой Тройцы выяўляецца і ў тым, што людзі створаны па Яе вобразе і падабенстве, гэта значыць мы атрымалі здольнасць мысліць і свабоду прымаць рашэнні. Ужо тут, на зямлі, супрацоўнічаючы са Святою Тройцаю і пад Яе кіраўніцтвам, мы можам ачысціцца, асвяціцца і з’яднацца з Ёю, стаўшы дасканалаю святыняю адзінага Бога.

Гэтыя разважанні пра Святую Тройцу я хачу завяршыць думкаю містычкі і доктара Касцёла св. Кацярыны Сіенскай, якая жыла ў XIV стагоддзі. Гаворачы пра Святую Тройцу, гэтая геніяльная жанчына выкарыстала вельмі просты і яскравы вобраз. Бог Айцец — як стол у найлепшай і найпрыгажэйшай у свеце таверне. Божы Сын — гэта найцудоўнейшыя стравы і напоі, якія наталяюць голад і сёння, і ў вечнасці, а Святы Дух — гэта слуга, які вядзе чалавека да стала, стварае адпаведную атмасферу пры стале, раіць стравы, разумее гу́сты і патрэбы гасцей, прыносіць дасканала прыгатаваныя стравы, ведае, колькі і чаго трэба прынесці. Вобраз слугі ў таверне, які азначае дзеянне Духа Святога і Яго натхненне, падаецца зразумелым, але што мае на ўвазе св. Кацярына, параўноўваючы Бога Айца са сталом? Стол можа азначаць свет, які Святая Тройца стварыла і падтрымлівае яго існаванне (creatio continua), і Касцёл, часткаю якога мы з’яўляемся. Стол, за якім збіраюцца людзі, можа быць сімвалам прагнення з’яднаць усіх у Богу, бо еднасць трох Боскіх Асобаў — гэта ўзор еднасці для людскіх супольнасцяў. Спажытак — другая Асоба Тройцы — гэта Божае слова, Эўхарыстыя, і ўсё, чым адорваюць нас іншыя сакрамэнты. Няхай вобразы, якія прапануе нам св. Кацярына, параўноўваючы Святую Тройцу са сталом, стравамі і слугою, натхняць нас паразважаць над цудоўнаю таямніцаю Святой Тройцы. А знак крыжа, які мы чынім з вялікаю пашанаю і радасцю, няхай стане вызнаннем нашай веры ў поўную любові прысутнасць Святой Тройцы ў нашай штодзённасці.

Адзіны Божа, Святая Тройца, дзякуем Табе, благаслаўляем Цябе, праслаўляем Цябе, прагнем Цябе!


Айцец Раман Шульц ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней