Дванаццаты звычайны тыдзень, Год А, (21.06.2020)

Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.

У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.

(Мц 10, 26–33)

Пан з намі

На пачатку кожнай Эўхарыстыі гучаць словы: «Пан з вамі», і мы адказваем: «І з духам Тваім». Гэта значыць, што Пан Бог з намі: і з тымі, хто стаіць з аднаго боку алтара, і з тымі, хто насупраць. Гэтыя словы, калі мы ўсведамляем іх важнасць, могуць падтрымаць і ажывіць нашую веру. Бог з намі — не мы самі прыдумалі гэта. Святар звяртаецца з гэтымі словамі да вернікаў, а вернікі адказваюць яму. Калі б Пан быў толькі на адным баку, гэта ўводзіла б у Літургію дысананс.

Давайце праз прызму гэтага прывітання, якім распачынаецца святая Імша, паглядзім на нядзельнае Божае слова. Аказваецца, мы сцвярджаем тое, у чым яшчэ раней запэўніў нас Езус, гаворачы пра няспынную Божую апеку, пра тое, што Бог чувае над усім стварэннем. Тым больш — над чалавекам, якому Ён даверыў свет для мудрага карыстання. Бог чувае над намі, бо любіць нас — цябе і мяне. Не трэба хвалявацца, баяцца, што Бог нас да нечага змусіць, як некаторыя бацькі. Але варта звярнуць увагу на тое, ад чаго Езус перасцерагае, тое, чаго насамрэч трэба баяцца. Ён — Бог, і ведае, што сапраўды можа прынесці чалавеку шкоду. Сапраўды, часам мы баімся неістотных рэчаў, не звяртаючы увагу на сапраўдную небяспеку. Напрыклад, мы баімся спазніцца на сустрэчу і, спяшаючыся, рызыкуем сваім здароўем і жыццём. Пан Езус звяртае нашую ўвагу на клопат аб стане нашай душы. Аддаляючыся ад Бога, мы становімся на небяспечны шлях. Дзіця, якое хоча ўцячы, раней ці пазней даб’ецца свайго, у адрозненне ад дзіцяці, якое, хоць і аддаляецца часам, усё роўна шукае позіркам бацькоў.

Бог з намі, трымаймася ж Яго!


Айцец Павел Мажэйка ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней