Ісці за Хрыстом без крыжа

Трынаццаты звычайны тыдзень, Год А (28.06.2020)

Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне. Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае ўзнагароду справядлівага. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.

(Мц 10, 37–42)

Ісці за Хрыстом без крыжа

«Хто не бярэ крыжа свайго, а ідзе за Мною, той не варты Мяне». У некаторых перакладах можна прачытаць памылковае «Хто не бярэ крыжа свайго, і не ідзе за Мною…», аднак грэцкі арыгінальны тэкст гаворыць менавіта пра тое, як людзі спрабуюць ісці за Хрыстом, але без крыжа. Сапраўды, мы лёгка згаджаемся з тым, што той, хто не ідзе за Хрыстом, не варты Яго, бо не цэніць таго, што Богачалавек хоча даць і куды хоча прывесці. Іншая справа, калі чалавек разумее вартасць Божых дароў і прабывання з Богам у вечным шчасці, але хоча дасягнуць гэтага без намаганняў, без ахвяры, без крыжа. Такі хрысціянін выбірае з хрысціянства толькі тое, што яму адпавядае, падабаецца, прыносіць задавальненне, супакойвае, радуе. І, на жаль, такое хрысціянства «без крыжа» сёння вельмі пашыранае. У ХХІ ст., як ніколі раней, чалавек паддаецца нападам бязбожных спакусаў, якія імкнуца пераканаць яго ў неактуальнасці вечных аб’ектыўных каштоўнасцяў, нормаў маралі і г.д. Многім не хочацца быць «белымі варонамі», здавацца несучаснымі, старамоднымі, і людзі пачынаюць жыць так, каб падабацца іншым, а не Богу. Нялёгкі выбар паміж тым, следаваць Божай навуцы ва ўсім ці мець часовыя выгоды, становіцца сапраўдным крыжам, і не заўсёды чалавеку хапае мужнасці несці яго. Чалавечая слабасць, ппрывязанасць да асобаў і рэчаў, залежнасць ад іншых часта пераконваюць нас больш, чым Дэкалог, а зямныя імгенныя супакой і дабрабыт засланяюць аддаленую перспектыву вечнай узнагароды за вернасць Божаму шляху. У выніку чалавек, па сутнасці, сыходзіць з гэтага шляху. Небяспека ў тым, што такі хрысціянін можа быць перакананы, што ідзе за Хрыстом, бо моліцца, фармальна выконвае абрады і прадпісанні Касцёла, магчыма, робіць гэта нават вельмі эмацыйна, але пры гэтым баіцца розных цяжкасцяў і гэтак непрыкметна губляе сувязь са Збаўцам, якая захоўваецца, калі мы прымаем свой крыж па Яго прыкладзе.

Як той, хто адмаўляецца ад дапамогі, што плыве з Хрыстовага крыжа, можа разлічваць на яе вынік? Таму кожны, хто хоча пазбегнуць зямнога зла, павінен памятаць, што Боскі Пераможца мацнейшы за ўсялякае зло і яго аўтара і прычыну — ворага чалавечага роду. З іншага боку, той, хто хоча па-сапраўднаму любіць бліжняга, не павінен забывацца, што самы добры чалавек не лепшы за вечнае абсалютнае Дабро, ад якога паходзіць усё добрае на зямлі, і неразумна будзе адмаўляцца ад жыццядайнай Крыніцы дзеля адной шклянкі вады з Яе нават тады, калі адчуваеш імгненную смагу і думаеш, што гэта шклянка заспакоіць яе больш, чым Крыніца, з якой яна зачэрпнута.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней