ХVI Звычайная нядзеля, Год А, (19.07.2020)
Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?” А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?” Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».
(Мц 13, 24–30)
Захаваць добрае насенне
Нядаўна я прачытаў, што толькі той чалавек можа дапамагаць іншым людзям, хто сам рэалізаваўся як асоба. У гэтую нядзелю Божае слова нагадвае нам пра іншыя ўрыўкі з Евангелля, дзе Пан Езус гаворыць пра меру, якою мы мераем іншых (гл. Мц 7, 2; Мк 4, 24; Лк 6, 38), пра шчэпку у воку брата і бервяно ў нашым воку (гл. Мц 7, 3–5; Лк 6, 41–42). Прапанова слугаў пайсці і выпалаць каласоўнік са збожжа (гл. Мц 13, 28) здаюцца блізкімі і нам: як добра было б навесці парадак у свеце, прычым адразу, без роздумаў! Аддзяліць нарэшце добрых ад злых, знішчыўшы апошніх. Але мяркуючы гэтак, мы самі ставім сябе на месца суддзяў. А судзіць можа толькі Бог, бо гэта Ён — Суддзя справядлівы. Хто з нас можа быць упэўнены, што сам не апынецца сярод каласоўніку падчас Божага жніва?
Што ж нам рабіць, як рэагаваць на зло, якое ёсць у нас саміх і ў людзях, якія нас атачаюць? Запаведзь любіць ворагаў ніхто не адмяняў. Больш за тое, калі гаспадар з прыпавесці загадвае да пары дазволіць пшаніцы і каласоўніку расці разам, нам трэба яшчэ больш уважліва паставіцца да словаў Езуса пра любоў да непрыяцеляў і яшчэ больш шчыра ажыццяўляць гэтую любоў. Можа, варта пачаць з сябе і не быць ворагамі самім сабе? Бо калі мы грашым, то не любім сябе. Няхай жа Бог дапаможа нам быць лепшымі людзьмі.
Айцец Павел Мажэйка ОР