Скарбніца новага і старога

Сямнаццаты звычайны тыдзень, Год А (26.07.2020)

Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле. Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе. Валадарства Нябеснае падобнае таксама да закінутага ў мора нерата, што збірае рыбу ўсялякага віду. Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў посуд, а дрэннае выкінулі вон. Так будзе пры сканчэнні свету: выйдуць анёлы, і аддзеляць ліхіх ад праведнікаў, і кінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны адказалі Яму: «Так». Ён жа сказаў ім: «Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое».

(Мц 13, 44–52)

Скарбніца новага і старога

«Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое».

Кожны стары чалавек некалі быў маладым. Але не кожны малады чалавек па розных прычынах дажыве да старасці… Усё, што цяпер лічыцца старым, калісьці было новым, але далёка не ўсё новае перажыве выпрабаванне часам. Застаецца толькі найлепшае, толькі тое, што мае адпаведную якасць і аб’ектыўную каштоўнасць, якія і дазваляюць яму надоўга заставацца актуальным. І чым лепш тая каштоўнасць адлюстроўвае Боскую рэчаіснасць, яе праўды і прыкметы, тым даўжэй захоўваецца жыццядайная моц надзеленых ёю поглядаў, практык і нават матэрыяльных аб’ектаў (такіх, як шэдэўры сакральнага мастацтва і архітэктуры) і, безумоўна, бессмяротных твораў духоўнай музыкі. Як і ў звычайным жыцці, нешта забываецца, не паспеўшы ўзнікнуць, нешта жыве, пакуль жывуць тыя, хто адчувае ў ім патрэбу, а нешта перадаецца наступным пакаленням, як неабходны атрыбут і складнік сапраўднага і паўнавартаснага жыццёвага шляху, бо ад гэтага нельга адмовіцца без негатыўных наступстваў, нягледзячы на чыёсьці суб’ектыўнае меркаванне аб «састарэласці». Культ новага, які імкнецца выкінуць на сметнік гісторыі ўсё, што было дагэтуль, без разбору, вядзе да абмежаванасці і зняволення асобы, збядняе яе, пазбаўляе сапраўдных скарбаў.

Хтосьці запярэчыць, маўляў, так званыя кансерватары тармозяць прагрэс і таксама збядняюць сябе, не прымаючы яго дасягненняў. Але аб’ектыўна кажучы, кансерватыўнае стаўленне, нават не самае памяркоўнае, не такое небяспечнае, як прагрэсісцкае, таму што ўсё ж абапіраецца на спраўджаныя часам погляды і каштоўнасці, а не на хісткія новаўвядзенні, многія з якіх могуць мець негатыўныя наступствы, нечаканыя і непрадбачаныя. Здаравей заставацца на месцы, чым ехаць у аўтамабілі без тармазоў…

Хоць, як ведама, цнота — пасярэдзіне. Можна і трэба выбіраць з новага ўсё, што сапраўды ўзбагачае, дае новыя магчымасці пераасэнсаваць шматвекавую духоўную спадчыну і дапамагае плённа ёю карыстацца ў іншых умовах, застаючыся верным нязменным Боскім праўдам, якія вучаць аддзяляць добрае ад дрэннага, захоўваць добрае і перадаваць нашчадкам тое, што найлепшым шляхам прывядзе іх да Нябеснага Валадарства.  


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней