Цудоўнае размнажэнне

Васемнаццаты звычайны тыдзень, Год А (02.08.2020)

Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца адзін, а людзі, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх. Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: «Пустыннае гэтае месца і гадзіна ўжо позняя; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў паселішчы і купілі ежы сабе». Ён сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці». Яны ж сказалі яму: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны». Ён сказаў: «Прынясіце іх Мне сюды». І, загадаўшы народу сесці на траву, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і, разламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — людзям. І ўсе елі, і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.

(Мц 14, 13–21)

Цудоўнае размнажэнне

У гэтым евангельскім фрагменце мы становімся сведкамі цуду размнажэння хлеба, які здзяйсняе Езус. У нашыя часы таксама здараюцца цуды, але абавязковая ўмова гэтага — глыбокая вера і любоў да бліжніх таго, хто просіць аб цудзе. Цуд размнажэння (што праўда, памножыўся не хлеб) адбыўся некалькі дзясяткаў гадоў таму праз заступніцтва аднаго дамініканскага святога.

«Ойча Яне Маціасе, ратуй! Беднякі застануцца без абеду!» — галасіла ў роспачы кухарка прытулка, што існаваў пры парафіі Марыі Магдалены ў Алівенсе, у іспанскай Андалузіі. 23 студзеня 1949 г. яна займалася гатаваннем пасілку для самых бедных жыхароў мястэчка. Кухарка паставіла на агонь вялікі рондаль з вадою і пайшла ў кладоўку за рысам. Там яна ўбачыла толькі пустыя палічкі: уначы злодзеі скралі ўсе запасы. Кухарка знайшла толькі крыху рассыпанага зерня. Усяго яна назбірала каля 750-ці грамаў. Укінуўшы рыс у рондаль, жанчына пачала маліць аб дапамозе благаслаўлёнага Яна Маціяса, дамініканіна з Лімы, сталіцы Перу, які жыў яшчэ ў XVII стагоддзі. Раптам рысу ў рондалі стала заўважна больш, і жанчына пераклала частку рысу ў іншы, васьмілітровы рондаль, але рысу станавілася ўсё больш і больш. Сведкамі гэтай падзеі сталі таксама два іншыя чалавекі. Кухарка збіралася ўзяць яшчэ адзін рондаль, але прыйшоў пробашч і сказаў прыбраць рондалі з кухні. Тады рыс перастаў размнажацца. Невялікаю колькасцю рысу, які быў укінуты ў рондаль, атрымалася накарміць 154 чалавекі: 95 беднякоў і 59 выхаванцаў прытулка.

Кангрэгацыя справаў па кананізацыі прызнала, што размнажэнне рысу (былі даследаваны два зярняткі, якія засталіся) адбылося незразумелым чынам. Цуд быў прызнаны 4 кастрычніка 1974 г., а 28 верасня 1975 г. папа Павел VI кананізаваў Яна Маціяса.

Мне ўзгадаўся яшчэ адзін цуд размнажэння: на гэты раз памножыліся кансэкраваныя Гостыі. Гэты цуд яшчэ не прызнаны Ватыканам, але ўжо праводзяцца даследаванні падзеі ў межах кананізацыйнага працэсу благаслаўлёнай кармэліткі Марыі Кандзіды ад Эўхарыстыі. Цудоўнае здарэнне адбылося 15 студзеня 2007 г. у Рагузе, што на Сіцыліі. Група вернікаў на чале з кс. Дзіво Барсоцці ў той дзень прыехала ў кляштар кармэлітак босых, каб ушанаваць рэліквіі благаслаўлёнай манашкі. Манашка, якая працавала ў сакрыстыі, не ведала, што з ксяндзом прыедуць яшчэ і пілігрымы. За дзень да таго яна правярала, колькі Гостый захоўвалася ў табэрнакулюме, — іх было каля дваццаці. Законніца ведала, колькі людзей звычайна прыходзіць на св. Імшу ў будні дзень, таму была ўпэўненая, што дастаткова дадаць яшчэ чатыры камуніканты для кансэкрацыі і ўсім хопіць. Убачыўшы, што вернікаў нашмат больш, яна разам з маці настаяцельніцай свайго кляштара пачала маліцца да благаслаўлёнай Марыі Кандзіды, каб усім хапіла святой Камуніі. Аб гэтым таксама маліўся яшчэ адзін чалавек: мужчына 57-мі гадоў, які дапамагаў удзяляць Эўхарыстыю. Малітва была выслуханая: Камунію прыняло каля 40 чалавек, і засталося яшчэ больш за 50 камунікантаў.


Паводле: https://www.rp.pl/artykul/856188-Najwieksze--cuda--XX-wieku.html)
Айцец Раман Шульц ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней