«Няхай станецца табе…»

ХVI Звычайная нядзеля, Год А, (16.08.2020)

Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось, жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая». Але Ён не адказаў ёй ні слова.

Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі». Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля». Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне!» Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам». Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх». Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш». I з гэтага моманту дачка яе стала здаровай.

(Мц 15, 21–28)

«Няхай станецца табе…»

Варта задаваць сабе пытанне: як я прашу, якую паставу маю пры гэтым? Лёгка прызвычаіцца (асабліва, калі так было з самага дзяцінства), што кожная нашая просьба мае быць неадкладна выкананая. Колькі такіх дарослых, у чыіх патрабаваннях адгукаецца гэтае дзіцячае, катэгарычнае «Дай!» Гэтая праблема становіцца яшчэ больш сур’ёзнаю, калі мы пачынаем так катэгарычна звяртацца да Бога.

Ці можна быць пакорлівым і настойлівым адначасова? Евангелле, якое мы чытаем у гэтую нядзелю, праз прыклад канаанскай жанчыны вучыць нас прасіць у Бога з пакораю, але і настойліва (не блытаць з паняццем «нахабна»). Жанчына просіць настойліва, бо ведае, што Той, да каго яна звяртаецца, можа выканаць яе просьбу. Просіць пакорна, бо яна перадусім просіць, а не патрабуе. Бог хоча даваць (гл. Мц 7, 7–11), але для таго, каб прыняць Ягоны дар і сапраўды ім радавацца, мы павінны быць пакорнымі ў адносінах да Бога. Які дар узрадуе больш: той, які мы самі сабе выбралі і выпрасілі, «выціснулі» у іншага, ці той, пра які мы нават марыць не маглі і атрымоўваем не за нейкія нашыя заслугі, а таму, што даўца нас бязмежна любіць? Які дар атрымала жанчына з Ханаана? Так, па яе настойлівай просьбе дачка была вызваленая ад злога духа. Але яшчэ большым дарам, які атрымала яна, жыхарка паганскай краіны, стаў дар веры у Адзінага, Праўдзівага, Жывога Бога.

«Дбайце пра большыя дары» (1 Кар 12, 31), стоячы ў пакоры перад Богам...


Айцец Павел Мажэйка ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней