«А вы кім лічыце Мяне?»

Дваццаць першы звычайны тыдзень, Год А (23.08.2020)

Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Яны ж адказалі: «Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміем ці адным з прарокаў». Ён сказаў ім: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога». Тады Езус сказаў яму ў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сыне Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе». Тады загадаў вучням, каб нікому не расказвалі, што Ён — Хрыстус.

(Мц 16, 13–20)

«А вы кім лічыце Мяне?»

Гэтае пытанне скіравана не толькі да вучняў, якія спадарожнічалі Пану Езусу падчас Яго зямнога шляху, але і да ўсіх тых, хто на працягу гісторыі называў і называе сябе хрысціянамі. Сапраўды, нягледзячы на тое, што ўжо столькі стагоддзяў мы ўслед за Пятром вызнаём: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога» і разам са св. Янам прызнаём Спрадвечнае Слова Богам, які стаўся целам, няшмат людзей сведчыць пра гэтыя праўды сваім жыццём. Варта час ад часу задаваць сабе пытанне: наколькі моцна важнейшыя праўды хрысціянства ўплываюць на нашыя паводзіны і стаўленне да ўсяго, што адбываецца? Лагічна, што калі чалавек лічыць Езуса Хрыста Богам і Збаўцам, то ён павінен арганічна і ахвотна ўспрымаць Хрыстовую навуку і кіравацца ёю ў штодзённым жыцці. А калі чалавечая слабасць перашкаджае, то хрысціянін мусіць быць упэўнены, што заснаваны Хрыстом Касцёл мае ўладу адпускаць грахі тым, хто шчыра за іх шкадуе і хоча выправіцца, бо так паабяцаў Хрыстус. Сапраўдная бяда, калі аснова хрысціянскага вучэння ўспрымаецца як нешта прыдуманае, навязанае людзям, каб ускладніць ім жыццё, і таму яе можна і трэба рэфармаваць і змяняць на патрэбу актуальных веянняў (якія, дарэчы, таксама навязваюцца, але пра гэта не прынята ўзгадваць). Такі стан рэчаў не толькі вынік атэістычнай прапаганды, але і наступства «дэмакратызацыі» адносінаў чалавека з Богам у самім хрысціянскім асяродку, што вядзе да прыніжэння аўтарытэту Пана Бога як Правадаўцы і Гаспадара жыцця.

Вельмі непакоіць той факт, што сёння многім, асабліва моладзі, Пан Езус уяўляецца у першую чаргу як нейкі амаль роўны ім «дружбак», да якога можна звяртацца фамільярна, без асаблівага шацунку, і нават уяўляць Яго ў карыкатурным выглядзе. Добра памятаю поўную абурэння прамову дырэктара савецкай школы, калі вучні дамалявалі вусы на партрэце лідара кампартыі. А сёння некаторыя святары (!) вывешваюць у храмах Найсвяцейшае Аблічча з Турынскай Плашчаніцы з дамаляванай ільвінай грывай (маўляў, Ён жа «леў з пакалення Юды»)! Цяжка ўявіць, каб прадстаўнікі іншых рэлігій дазвалялі б нешта падобнае нават у адносінах да свайго заснавальніка. Узгадайце, як адрэагавалі мусульмане на карыкатуры на прарока Мухамеда некалькі гадоў таму!

Сярод хрысціянаў нямала тых, хто ў падобным «творчым» падыходзе не бачыць нічога кепскага. А калі ў святынях нават падчас літургіі ў цэнтр увагі ставіцца не Богачалавек, а чалавечая супольнасць, адкуль з’явіцца павага да Божай навукі? Чаму ж здзіўляцца, калі голас хрысціянаў так слаба гучыць у сённяшнім грамадстве і з ім не вельмі лічацца ні ў заканадаўстве, ні ў бытавых жыццёвых пытаннях! З іншага боку, многія людзі думаюць, што Бог — гэта «залатая рыбка», якая выконвае ўсе жаданні, і вельмі абураюцца, калі аказваецца, што жаданні проста так не выконваюцца. Гандлярскі падыход да веры такі: я Табе, Божа, — малітвы або рэлігійныя практыкі, а Ты мне — усё, пра што я мару і прашу. Гэта вялікае неразуменне. Малітоўныя просьбы — не інфармаванне Бога аб нашых патрэбах, пра якія Ён і так ведае лепш за нас, а выяўленне таго, што мы лічым важным для сябе і сваіх блізкіх, і таго, наколькі мы гатовыя і жадаем гэта прыняць. Ад таго, наколькі моцна мы перакананыя ў неабходнасці таго, аб чым просім, і ад сапраўднай вартасці гэтага для нас залежыць спаўненне просьбы. Калі мы самі добра не ведаем, што нам трэба, або калі просім таго, што можа нам зашкодзіць, дык Бог гэтага не дасць, і за гэта трэба толькі дзякаваць Яму.

Кожны хрысціянін павінен цвёрда засвоіць: калі Хрыстус не будзе для яго найвышэйшым і бясспрэчным аўтарытэтам і сапраўдным адзіным Панам жыцця, які забяспечыць чалавека ўсім, што яму патрэбна для шчасця, тады на Божае месца прыйдуць іншыя паны і аўтарытэты, якія выкарыстоўваюць чалавека ў сваіх інтарэсах і робяць яго нявольнікам граху і слугой д’ябла.

А любоў да Бога выяўляецца не ў фамільярнасці і эйфарыі, а ў выкананні таго, што Ён лічыць дабром і чаму вучыць нас.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней