Дваццаць другі звычайны тыдзень, Год А (30.08.2020)

З таго часу пачаў Езус адкрываць вучням сваім, што Ён павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: «Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца». Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!»

Тады Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

(Мц 16, 21–27)

Шчаслівыя пакуты

Адмовіцца ад сябе і ўзяць свой крыж — адно з найскладанейшых вымаганняў, якія ставіць перад намі Езус. Гэта часта асацыюецца з цяжкасцямі і цярпеннем, якіх мы імкнемся ўнікаць. Таму святы Пётр, пачуўшы ад Езуса, што Той будзе пакутаваць і будзе забіты, дакараў Яго: «Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца». Пётр паводзіць сябе гэтак жа, як большасць з нас, калі сутыкаецца са злом — хоча яго ўнікнуць. Пётр думае не толькі пра Езуса, але, як можна здагадацца, ён клапоціцца і пра сябе, ведаючы, што смерць Езуса будзе для яго цярпеннем. Але Езус паказвае Пятру, што ўцёкі ад таго, што неабходна выцерпець, супярэчаць Божым намерам. А калі гэта так, то ўзнікае пытанне: няўжо Бог жадае, каб мы пакутавалі?

Гэта няправільная пастаноўка пытання. Хрыстус прыняў пакуты не дзеля сябе самога. Ён зрабіў гэта, каб знішчыць у чалавечым жыцці саму прычыну пакутаў — грэх, каб праз муку, смерць і ўваскрасенне заслужыць збаўленне для чалавека. Таму Езус, беручы на сябе крыж, не выбірае цярпенне, а прымае яго як наступства сваёй збаўчай справы. Гэта ахвяра, якую Ён, арцыпастыр, складае Богу дзеля нашага збаўлення.

Таму Езус ставіць нам вымаганні прыняць крыж і наследаваць Яго ўзор. Калі мы будзем ісці за Яго наказам, то зможам прыняць удзел у збаўчай справе Хрыста. На практыцы гэта азначае прымаць цяжкасці і крыж штодзённага жыцця, ахвяраваць сваё жыццё Богу, як піша св. Павел, «на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу» (Рым 12, 1). Дзякуючы гэтаму цярпенне, ад якога немагчыма ўцячы ў штодзённым жыцці, атрымлівае мэту, і яго становіцца лягчэй пераносіць. Парадаксальна, але ўзяць свой крыж азначае атрымаць сілы, каб трываць пакуты да таго часу, пакуль споўніцца нашае збаўленне і будзе дасягнута вечнае шчасце.


Айцец Марыюш Куліг ОР
Паводле матэрыялаў інтэрнэт-часопіса W drodze

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней