Быць міласэрнымі па-чалавечы

ХХIV Звычайная нядзеля, Год А (13.09.2020)

Тады Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?» Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.

Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: “Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам”. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен!” Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: “Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе”. Аднак той не захацеў, але пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.

Ягоныя сабраты, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар паклікаў яго і сказаў: “Нягодны слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне. Ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?” I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго катам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму».

(Мц 18, 21–35)

Быць міласэрнымі па-чалавечы

Сёння ў Евангеллі мы сутыкаемся з пытаннем пра міласэрнасць і прабачэнне. Пётр пытаецца ў Езуса, колькі разоў павінен прабачыць свайму брату, ці аж сем разоў? Вядома, што «сем» — гэта не проста лічба. «Сем» у Бібліі і ўвогуле для габрэяў — гэта лічба дасканаласці, якая азначала «шмат, заўсёды». Пан Езус жа гаворыць, што трэба прабачаць нават семдзесят сем, а не сем разоў, гэта азначае — заўсёды павінен прабачаць брату.

Хрыстус тут жа тлумачыць гэта прыпавесцю пра караля і слугу, які быў яму вінен. Доўг слугі складае астранамічна вялікую сумму, улічваючы, што талант — гэта 30 кг золата. Такі доўг проста немагчыма вярнуць, аднак слуга просіць караля, маўляў, будзь велікадушны, гаспадару, пачакай, і я ўсё табе аддам. Слуга спрабуе схітрыць, схлусіць. Але гаспадар, на дзіва, згаджаецца і гаворыць, што даруе гэты доўг. У сваю чаргу няўдзячны слуга не прабачае свайму даўжніку. Той быў вінен сто дынараў, гэта таксама даволі вялікая колькасць грошай, заробак за 3–4 месяцы працы. Шмат, але непараўнальна менш у параўнанні з доўгам першага слугі. Аднак ён не прабачае гэты доўг.

У гэтай прыпавесці Пан Езус паказвае з узроўню Боскага прабачэння, якім Ён прабачае нам і дарыць сваю ласку, што мы ў сваю чаргу павінны дасягнуць магчымага для нас узроўню чалавечай міласэрнасці. Мы атрымліваем Божую міласэрнасць і павінны аддаваць міласэрнасць чалавечую. Чалавек — не Бог і не можа даць Божай міласэрнасці, але чалавечую — можа, і гэта наш абавязак, які вынікае з таго, што мы самі атрымалі Божую міласэрнасць.

Думаючы пра гэта, я ўзгадаў пра катэгорыю Катэхізіса, якая датычыць грахоў супраць Духа Святога. Вядома, варта адзначыць, што гэтыя грахі — не проста ўчынкі, а схільнасці, стыль жыцця — шляхі, якія вядуць чалавека ў пекла. Два першыя грахі супраць Духа Святога датычаць менавіта Божай міласэрнасці. Першы — грашыць празмерна, спадзеючыся на Божую міласэрнсць, а другі — упадаць у роспач, сумнявацца ў Божай міласэрнасці і ласцы. Калі я разважаў пра гэта ў кантэксце сённяшгняга евангельскага чытання, то падумаў, што грашыць празмерна, спадзеючыся на Божую міласэрнасць — азначае зусім не верыць у Божую міласэрнасць.

Першы слуга з прыпавесці не верыць у міласэрнасць гаспадара. Ён лічыць, маўляў, я вельмі разумны і здолеў выкруціцца і ўгаварыць гаспадара прабачыць мне доўг: тут схлусіў, тут паплакаў, і ўсё атрымалася, як я хачу. Бяда першага слугі ў тым, што ён не прыняў Божай міласэрнасці і таму не быў здольны да міласэрнасці чалавечай. А той, хто прымае Божую міласэрнасць, усведамляе свой доўг, разумее свой грэх, слабасць, недахопы і прымае ў іх Боскую ласку, такім чынам прымае ўдзел у Божай справе і сам пачынае быць міласэрным. Бог, адорваючы яго сваёй міласэрнасцю, дзейнічае праз яго ў свеце ў ягоных міласэрных учынках.

Насамрэч атрымліваецца, што прабачыць свайму брату — не мой ці твой гераічны ўчынак, а вынік вялікай Божай ласкі, якую мы атрымалі. Калі мы будзем здольныя прыняць гэтую ласку, то самі зможам прабачаць сваім братам. Просячы аб Божай мліасэрнасці для сябе саміх, мы адначаосва просім для сябе здольнасці прабачыць іншым людзям.

«І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым…»


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней