ХХV Звычайная нядзеля, Год А (20.09.2020)

Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік. Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: «Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам». Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае. Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: «Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?» Яны сказалі яму: «Нас ніхто не наняў». Ён сказаў ім: «Ідзіце і вы ў вінаграднік».

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму аканому: «Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых». I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: «Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку!» У адказ ён сказаў аднаму з іх: «Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?»

Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі».

(Мц 20, 1–16)

«Боская эканоміка»

У нашыя часы у крамах вельмі папулярныя розныя акцыі, распродаж тавараў па зніжанай цане. Калі запытацца ў звычайнага пакупніка, ці хацеў бы ён купляць па невялікай цане добры тавар, ён, канечне ж, адкажа «так». У сваю чаргу тыя, хто займаецца вытворчасцю, імкнуцца як мага больш знізіць выдаткі на прадукцыю. Часам за кошт якасці прадукцыі ці заробку працаўнікоў. Калі б нам прыйшла ідэя вучыцца эканоміцы па Святым Пісанні, было б нялёгка пагадзіць нашыя асабістыя прагненні і амбіцыі з тым, што прапануе Бог.

А гэты гаспадар з прыпавесці пра Божае Валадарства ці імкнецца да нейкай «эканамічнай выгады» для сябе? Здаецца, што не, бо не дае менш тым работнікам, якіх наняў пазней, і плаціць не больш за дамоўленае тым, хто прыйшоў у вінаграднік першым. Усім дае аднолькава. У чым яго выгада?

Ён атрымлівае нешта большае, чым грошы, а менавіта ўдзячнасць і давер працаўнікоў, нанятых у апошнюю гадзіну і нікому не патрэбных, якім ён заплаціў гэтак жа, як першым. Але і першыя, хоць і абураюцца, спадзеючыся зарабіць больш, у дадатак да заробку атрымліваюць урок міласэрнасці, справядлівасці і шчодрасці.

Хоць думка вывучаць эканоміку па Бібліі здаецца недарэчнай, няблага было б нам усім час ад часу зазіраць у гэтую Кнігу Жыцця, каб упарадкаваць свае адносіны з іншымі людзьмі, каб зрабіць эканоміку слугой чалавека, а не наадварот, пра што, зрэшты, часта нагадвае папа Францішак.

Адкрый, Пане, нашыя вушы і сэрцы, каб мы прыслухоўваліся да Твайго слова і навучання Тваіх слугаў.


Айцец Павел Мажэйка ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней