Той, хто першы ўвойдзе ў Валадарства

ХХVІ Звычайная нядзеля, Год А (27.09.2020)

«Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”. Але той адказаў: “Не хачу.” Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: “Іду, гаспадару”. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае. Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.

(Мц 21, 28–32)

Той, хто першы ўвойдзе ў Валадарства

Сутнасць прыпавесці пра двух сыноў, чые ўчынкі разыходзіліся з папярэднімі словамі, даволі зразумелая: важна не тое, што гаворыш, а тое, што ў рэшце рэшт робіш. Сапраўды, чалавек можа доўгі час супраціўляцца выкананню Божай волі, але, зразумеўшы яе, можа перамяніць паводле яе сваё жыццё. У той жа час, на жаль, нямала вернікаў, якія, хоць знешне і згаджаюцца з хрысціянскай навукай, але працягваюць жыць па зусім іншых правілах: правілах свету, які адкінуў Бога і тоне ў грахах, рызыкуючы пры гэтым страціць не толькі тое, што гэты свет падманліва абяцае, але і Нябеснае Валадарства.

Чаму так адбываецца? Прычынай першапачатковай адмовы можа быць прывязанасць да ўласных уяўленняў пра дабро і шчасце; уласныя планы на жыццё, якія могуць значна адрознівацца ад Божых намераў, што доўгі час застаюцца незразумелымі; нежаданне нешта змяняць, боязь страціць зямныя даброты і г.д. Усведамленне таго, што Божая воля заўсёды вядзе да сапраўднага дабра, дапамагае чалавеку перамагчы слабасць і недасканаласць і скіроўвае ўсе яго намаганні да спаўнення Божай волі.

Аднак чалавека можа падсцерагаць небяспека страціць ахвоту да гэтага, калі яго напаткаюць нечаканыя цяжкасці, згубіць энтузіязм, калі няма хуткага выніку. Чалавек пачынае апраўдваць сваю духоўную ляноту: маўляў, лепш увогуле не пачынаць малітву або не ўдзельнічаць у святой Імшы, чым рабіць гэта «няшчыра», гэта значыць, без адпаведнага настрою ці нейкага асаблівага стану. Або: лепш не спавядацца, калі няма ўпэўненасці, што грэх больш ніколі не паўторыцца, бо гэта азначае, што пастанова выправіцца таксама будзе «няшчыраю».

Такім чынам, д’ябал выкарыстоўвае, здавалася б, правільныя аргументы, каб пазбавіць чалавека ўсялякай магчымасці атрымаць Божую дапамогу, без якой ніякая духоўная праца немагчымая, і зрабіць яго лёгкай здабычай. Справа ў тым, што адпаведнага настрою ў такім выпадку можна ўвогуле ніколі не дачакацца, а ўпэўненасці ва ўласнай бязгрэшнасці пасля споведзі ні ў каго быць не можа: сам гэты сакрамэнт быў бы непатрэбны, калі б чалавек мог уласнымі сіламі трываць у стане ласкі, без сакрамэнтальнага падмацавання. Гэтак жа чалавек, які не спіць і не есць, проста не можа быць здаровым і працаздольным, як бы ні хацеў.

Важна мець цвёрдую пастанову: пазбягаць усяго, што вядзе да граху, лічыць парушэнне запаведзяў самым вялікім няшчасцем і не злоўжываць Божай міласэрнасцю, упадаючы ў іншую крайнасць: грашыць з думкаю, што Бог і так усё прабачыць. Часам усведамленне сваёй грэшнасці хутчэй прыводзіць да навяртання, чым перакананасць ва ўласнай дасканаласці або ўпэўненасць, што прыняты некалі хрост гарантуе вечнае шчасце і поспех у зямным жыцці без аніякіх намаганняў, падмацаваных Божай ласкай.

Менавіта мытнікаў і распусніц, якія адвярнуліся ад грэшнага жыцця, стаўшы на шлях навяртаня, прыводзіць у прыклад Пан Езус, звяртаючыся да першасвятароў і старэйшын, заслепленых самаўпэўненасцю і памылковым уяўленнем пра сваю значнасць перад Богам. Нельга «спачываць на лаўрах», не парушаючы яўна Божых і касцёльных запаведзяў, бо можа аказацца, што няма ў такім жыцці і Божага Духа, які падказвае чалавеку, што яго стан яшчэ далёка не ідэальны, што заўсёды, пакуль чалавек жыве, ёсць куды расці духоўна, нават калі фізічна расці ўжо немагчыма. Менавіта духоўная праца ў імкненне памнажаць Божую любоў у сабе і з’яўляецца выкананнем волі Айца Нябеснага: збавіць чалавека ад грахоў і адарыць яго Валадарствам вечнага шчасця. А ці варта ад гэтага адмаўляцца?


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней