ХХVІІ Звычайная нядзеля, Год А (02.10.2020)

Заспяваю прыяцелю майму
песню сябра майго пра вінаграднік ягоны:
Мой сябра меў вінаграднік
на ўрадлівай гары.
Ён ускапаў яго і ачысціў яго ад камення,
і пасадзіў у ім адборную вінаградную лазу,
і пабудаваў вежу пасярод яго,
і давіла вычасаў у ім.
Чакаў, што дасць ён гронкі вінаграду,
але ён прынёс дзікія ягады.
Дык цяпер, жыхары Ерузалема
і мужы юдэйскія,
рассудзіце мяне і вінаграднік мой.
Што яшчэ я павінен быў зрабіць для вінаградніку майго
і не зрабіў для яго?
Чаму я чакаў гронак вінаграду,
а ён прынёс дзікія ягады?
Цяпер я пакажу вам,
што я зраблю з вінаграднікам маім:
я прыбяру яго агароджу, і будзе спустошаны ён,
знішчу сцяну яго, і ён будзе затаптаны.
І прывяду яго ў запусценне:
не будуць падразаць і ўскопваць яго,
і зарасце ён цернем і пустазеллем,
і забараню хмарам ліць на яго дождж.
Вінаграднік Пана Магуццяў — гэта дом Ізраэля,
а мужы юдэйскія — Яго ўмілаваныя саджанцы;
Ён чакаў правасуддзя — і вось беззаконне;
чакаў справядлівасці — і вось крык.

(Іс 5, 1–7)

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: «Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў. Калі ж наблізіўся час ураджаю, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць свой ураджай. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Той зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: “Ушануюць сына майго”. Але, убачыўшы сына, вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай”. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць з гэтымі вінаградарамі?» Адказалі Яму: «Злачынцаў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час». Езус сказаў ім: «Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: “Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла. Пан учыніў гэта, і дзіўнае яно ў вачах нашых”? Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.

(Мц 21, 33–43)

Вінаграднік

Нам усім добра вядомы старажытны, вельмі ўзрушальны велікапосны спеў, які выконваецца падчас адарацыі святога Крыжа на літургіі Вялікай пятніцы: «О мой народзе, што табе зрабіў Я? У чым вінаваты прад табою быў Я?» Гэтае пытанне Бог задае свайму народу. Адкупіцель паказвае сваю любоў у гісторыі збаўлення, пытаючыся ў самога сябе, што яшчэ трэба зрабіць, што яшчэ Ён не паспеў зрабіць для сваіх дзяцей? Гэтая песня была натхнёная кнігаю прарока Ісаі, словы з якой гучаць у сённяшняй нядзельнай літургіі слова.

Містыкі, разважаючы пра таямніцу малітвы Пана Езуса ў Аліўным садзе, часта выказваюць перакананне ў тым, што самым балючым у кананні Езуса было ўсведамленне, што не ўсе прымуць плён Ягонай мукі.

Ёсць яшчэ спеў да Сэрца Пана Езуса, які ў перакладзе М. Трапашкі па-беларуску гучыць: «Божае Сэрца любоўю палае, дзідай прабіта, міласць разлівае. А нашы сэрцы — бы камень той. Ці ж мы дастойны ласкі такой?». У польскім арыгінале апошнія словы літаральна гучаць: «Нашыя сэрцы — нібы лёд, дарэмная для іх Твая Мука». Я хачу паразважаць над гэтымі словамі. Некаторыя тэолагі лічаць іх тэалагічна памылковымі (нездарма ў беларускім перакладзе тэкст крыху іншы), бо Мука Пана плённая для ўсіх. Сапраўды, Пан Езус памёр за грахі ўсіх людзей ад Адама да апошняга чалавека, які памрэ перад канцом свету. Аднак здаецца, што ў гэтым спеве ўвага звяртаецца на той факт, што ў свеце будуць людзі (хоць бы гэта не быў ніхто з нас), якіх любоў Бога пакіне абыякавымі і якія па ўласнай волі адмовяцца ад дару збаўлення. На жаль, існуюць не толькі неба і чысцец, але і пекла, якое чалавек можа выбраць, адкідаючы дар адкуплення і збаўлення. Гэта трагічнае, самае страшнае няшчасце, якое можа напаткаць чалавека. Божая Маці ў фацімскіх аб’яўленнях прасіла вернікаў маліцца аб навяртанні грэшнікаў, «бо шмат іх ідзе ў пекла». Выходзіць, што для тых, хто ідзе ў пекла, Мука Пана сапраўды дарэмная, бо яны не прынялі яе, хоць Езус аддаў сябе задарма. Менавіта гэтае адкіданне Божай любові так балюча перажываў наш Пан падчас малітвы ў Аліўным садзе. Пра гэта спяваецца і ў песні «О мой народзе…»

Варта ўсведамляць, што мы — не толькі вінаградныя лозы ў вінаградніку Касцёла, якія павінны спялець у праменні Божай любові і дзякуючы крыніцам ласкі. Яшчэ мы запрошаныя працаваць у вінаградніку, каб маліцца і ахвяроўваць свае жыццёвыя цяжкасці асабліва за грэшнікаў, якім патрэбнае навяртанне. Святая Кацярына Сіенская прасіла Пана Езуса, каб уваход у пекла, праз які туды трапляюць людзі, закрыла яе ўласнае цела. Яна, носячы стыгматы Езусавай Мукі, шмат молячыся і посцячы, асабліва прасіла аб навяртанні зацвярдзелых грэшнікаў. Далучаймася ж да святой Кацярыны і адкажам на просьбу Божай Маці. У мяне ёсць прапанова, каб кожны з нас памаліўся словамі спеву, пададзенага ніжэй, аб навяртанні грэшнікаў, асабліва тых, якіх мы ведаем, пра чыё збаўленне клапоцімся.


Айцец Раман Шульц ОР

 

О, МОЙ НАРОДЗЕ

Рэфрэн: О, мой народзе, што табе зрабіў Я?У чым вінаваты прад табою быў Я?

  1. Я цябе вывеў з моцы фараона, / а ты прызначыў крыж Мне на рамёны/
  2. Я вёў цябе ў край сонечны і хлебны, / ты ж Мне прызначыў смерці знак ганебны.
  3. Я цябе выбраў Божаю лазою, / а ты Мне воцат даў замест напою.
  4. Я над Эгіптам здзейсьніў пакаранне, / а Мяне выдаў ты на бічаванне.
  5. Я за палон твой помсціў фараону, / ты ж учыніў Мне суд сынэдрыёну.
  6. Я прад табою раскрыў мора хвалі, / а ты Мне дзідай бок раскрыў бяз жалю.
  7. Я ў аблоку вёў цябе дахаты, / ты ж Мяне з крыкам вёў на суд Пілата.
  8. Я цябе маннай накарміў у пустыні, / ты ж Мне аддзячыў поўхамі сваімі.
  9. Я табе з камня даў вады крыніцу, / а ты Мне горкай жоўці даў напіцца.
  10. Я хананэяў збіў Сваёю сілай, / ты ж галаву Мне моцна збіў трысцінай.
  11. Я даў падставы Юдзінаму трону, / а ты Мне з церняў узлажыў карону.
  12. Я цябе ўзвысіў, людзе Мой абраны, / а ты Мяне ўзняў на крыжы драўляным.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней