ХХVIII Звычайная нядзеля, Год А (02.10.2020)

Езус зноў расказаў ім прыпавесць: «Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.

Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.

(Мц 22, 1–10)

Каралеўскае вяселле

Вяселле заўсёды абяцае нешта прыемнае: смачныя стравы, вясёлыя забавы, цікавыя традыцыі. З іншага боку, вяселле мае і пэўныя складанасці: трэба адпаведна сябе паводзіць, часам даводзіцца цярпець людзей, з якімі не вельмі камфортна і г.д. Аднойчы мне трапіўся артыкул пра вяселле без нявесты і жаніха. Жанчына, якая арганізавала гэтае вяселле, распавяла, што неяк ёй вельмі захацелася перажыць вяселле, але жаніха яна не мела. Тады яны з сябрам вырашылі арганізаваць вяселле, але без шлюбу. Там было ўсё: і абрады, і забавы, і смачныя стравы, і музыка, толькі жаніха і нявесты не было. Многія запрошаныя гаварылі, што гэта цудоўная задумка, самае лепшае вяселле, бо без аніякіх складанасцяў. Пра якія складанасці яны казалі? Пра адносіны. Падчас звычайнага вяселля бывае страшна, што нехта не так паглядзіць ці не тое падумае, страшна распачынаць новыя сямейныя стасункі, якія, на жаль, бываюць няпростымі. Запрашэнне на вяселле — гэта запрашэнне прыняць удзел у жыцці сям’і. Той, хто запрашае, такім чынам сведчыць, што госці для яго важныя, хоча, каб менавіта гэтыя людзі прынялі ўдзел у важных момантах яго асабістага жыцця.

Паглядзім на сённяшні евангельскі ўрывак: Пан Езус распавядае пра караля, які справіў вяселле для свайго сына. Аднак, калі ён кліча запрошаных гасцей, тыя адмаўляюцца прыйсці, бо ім гэтае вяселле не патрэбна. Яны нібыта занятыя, але насамрэч проста не хочуць мучыцца адносінамі з гэтым каралём, адкідаюць яго, каб жыць сваім жыццём, не падтрымліваць гэтыя непатрэбныя адносіны. Гэта само па сабе сумна, але давайце зірнем глыбей. Жаніх, сын караля — гэта Езус Хрыстус, а нявеста — Касцёл. Выходзіць, што госці насамрэч запрошаныя на вяселле як нявеста. На вяселлі бываюць смачныя стравы, шмат файнага і цікавага, але запрошаныя ўжо атрымалі ўсе гэтыя даброты як падарунак на заручыны. Яны не здагадваюцца, што на вяселлі іх чакае яшчэ большы падарунак — жыццё караля, Божае жыццё. Бог запрашае нас увайсці з Ім у сямейныя адносіны. Ён не толькі хоча пачаставаць нас смачнай ежай, але і запрашае ў сваё жыццё.

Мы ведаем, як бывае складана будаваць адносіны, будаваць любоў, але Пан Бог хоча сёння запрасіць нас да гэтага, каб аздаравіць нашыя адносіны, напоўніць іх сваёю любоўю. Варта скарыстацца гэтым запрашэннем. Вяселле гэтага Караля — не толькі стравы і забавы, гэта аздараўленне нашай любові, зарпашэнне ў сям’ю, дзе мы атрымаем аздараўленне, а праз нас будзе аздароўлены свет.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней