ХХIX Звычайная нядзеля, Год А (18.10.2020)
Тады фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове. I паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб спыталіся: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей. Таму скажы нам: як Табе здаецца? Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?» Але Езус, ведаючы іхнюю зласлівасць, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар. Ён спытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Адказалі Яму: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу».
(Мц 22, 15–21)
Езу, Ты за каго?
Спробы уцягнуць Хрыста ў нейкія палітычныя гульні не з’яўляюцца нечым новым. Калі Ён, навучаючы, хадзіў па Юдэі і Галілеі, знаходзіліся тыя, хто выпрабоўваў Хрыста і жадаў справакаваць Яго на адказ, які можна было б пазней выкарыстаць супраць Яго. Але многія, жадаючы злавіць Рыбака людзей «на вуду», самі адыходзілі пасаромленыя, а адказ Езуса, запісаны натхнёнымі аўтарамі, нагадвае нам сёння, як павярхоўна мы часам глядзім на Божую рэчаіснасць.
Не стала выключэннем і пытанне: «Як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?» У ім быццам гучыць сучаснае: «Езу, Ты за каго? За які рух, за якую палітычную партыю?» Мы ўвесь час навыперадкі шукаем, які дар прынесці Богу, але забываемся аддаць тое, што належыць Яму, бо было створана па Яго падабенстве... — саміх сябе.
Няхай сёння з новай сілай загучаць словы Пастырскай канстытуцыі Gaudium et spes: «Таямніца чалавека па-сапраўднаму высвятляецца толькі ў таямніцы ўцелаўлёнага Слова. Адам, першы чалавек, быў вобразам будучага, а менавіта Хрыста Пана. Хрыстус, новы Адам, у самім аб’яўленні таямніцы Айца і Яго любові поўнасцю паказвае чалавека самому чалавеку і адкрывае яму яго найвышэйшае пакліканне. Таму зусім не дзіўна, што ў Ім згаданыя вышэй праўды знаходзяць сваю крыніцу і дасягаюць вяршыні» (GS, 22). Аддаючы ўсяго сябе на крыжы Айцу, Хрыстус вучыць нас бязмежна давяраць Богу.
Айцец Павел Мажэйка ОР