«На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі…»

ХХX Звычайная нядзеля, Год А (25.10.2020)

Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: «Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?» Езус адказаў яму: «“Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».

(Мц 22, 34–40)

«На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі…»

Як Малітва Панская ўключае ў сябе ўсё, што неабходна чалавеку і аб чым ён можа і павінен маліцца, так і запаведзі любові да Бога і да бліжняга выяўляюць абсалютную норму чалавечага жыцця, падоранага Створцам. Добра, калі кожны ўсведамляе, што Дэкалог — гэта своеасаблівая інструкцыя карыстання гэтым вялікім Божым дарам, парушэнне якой выклікае жыццёвыя аварыі і трагедыі. Але больш дасканалым будзе той чалавек, які прытрымліваецца запаведзяў не толькі дзеля таго, каб самому пазбегнуць зла, але, каб захаваць (і нават выратаваць) ад яго іншых, і больш за тое — адарыць іх дабром, адзінай крыніцай якога з’яўляецца Бог. Сапраўдны хрысціянін не можа быць самазадаволеным эгаістам: маўляў, асабіста я нічога не парушаю, а што да іншых, дык мая хата з краю. Безумоўна, мы не можам нікога гвалтам прымусіць да дабра — сам Бог гэтага не робіць. Але і нельга быць абыякавым да збаўлення іншых, бо толькі тое і ёсць добрае, што канчаткова вядзе да прабывання ў Нябесным Валадарастве.

Але цяпер ўсіх нас хвалюе, што будзе з нашай зямной Айчынай, яе грамадствам. Для верніка — гэта нагода ўмацаваць сваю асабістую сувязь з Богам праз паглыбленне малітвы і яшчэ актыўнейшы ўдзел у сакрамэнтах. Дзякуючы гэтаму кожны можа спрычыніцца да ўмацавання Божай прысутнасці ў нашым народзе, якая захавае ад усяго нядобрага і пакажа правільныя шляхі вырашэння складанай сітуацыі. Але не трэба адмаўляцца таксама ад магчымасці паўплываць на змены ў свецкім заканадаўстве, якое толькі тады паслужыць сапраўднаму дабру ўсяго народа, калі будзе абапірацца на Божы закон, супадаць з ім або прынамсі не супярэчыць яму.

Гэтую праўду нельга ігнараваць, калі мы хочам палепшыць якасць жыцця ва ўсіх яго праявах, а не толькі ў матэрыяльнай сферы. Дый апошняя без сумленнасці і адданасці не будзе трывалай. Нельга забываць і пра тое, што не ўсё, што лічыцца сёння прагрэсіўным і карысным, на самай справе служыць дабру чалавека. Тэндэнцыі і тэхналогіі, якія супярэчаць адвечным Божым пастановам і нават імкнуцца спаборнічаць са Створцам, чым многія, на жаль, ганарацца, да дабра не давядуць ні іх вытворцаў, ні карыстальнікаў. Сапраўдныя свабода і прагрэс немагчымыя без сапраўднай любові, якая не мае нічога агульнага з тым, што гэтым словам часта бессаромна называецца: гэта значыць, з эгаізмам, разбэшчанасцю, уседазволенасцю. Любоў да Радзімы, да народа — гэта не расстаўленне выяваў сэрца на кожным кроку, і не размахванне тымі ці іншымі сцягамі назло адны адным. Любоў — гэта прабачэнне былых крыўдаў і будаванне зямной будучыні на падставе Божай навукі, якой павінна адводзіцца больш месца ў выхаванні дзяцей і моладзі, і якая адкрывае перспектывы шчаслівай Нябеснай будучыні.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней