«Я ўбачыў вялікі натоўп…»

Урачыстасць Усіх Святых (01.11.2020)

Я, Ян, бачыў я іншага анёла, які сыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. Ён усклікнуў гучным голасам да чатырох анёлаў, якім было дадзена ўчыніць зло зямлі і мору, кажучы: «Не чыніце зло ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль мы не паставім пячаткі слугам Бога нашага на іхніх чолах». І пачуў я лічбу пазначаных пячаткаю: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх плямёнаў сыноў Ізраэля.

Пасля гэтага я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты і з пальмовымі галінкамі ў сваіх руках. Яны крычалі гучным голасам, кажучы: «Збаўленне належыць Богу нашаму, які сядзіць на троне, і Баранку».

Усе анёлы стаялі вакол трона і старэйшын, і чатырох жывых істот. І ўпалі яны на твары свае перад тронам, і пакланіліся Богу, кажучы: «Амэн! Благаслаўленне і слава, і мудрасць, і падзяка, і пашана, і сіла, і моц Богу нашаму на векі вякоў. Амэн».

Адзін са старэйшын звярнуўся да мяне, кажучы: «Хто гэта, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны паходзяць?» І я сказаў яму: «Мой пане, ты ведаеш». А ён адказаў мне: «Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў свае шаты, і выбеліў іх у крыві Баранка.

(Ап 7, 2–4. 9–14)

Убачыўшы натоўп, Езус узышоў на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:

«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны.

Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.

Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны.

Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.

Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі.

Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.

(Мц 5, 1–12а)

«Я ўбачыў вялікі натоўп…»

Сёння ўрачыстасць Усіх Святых, і мы нанова адкрываем для сябе таямніцу еднасці святых, хочам наблізіцца да мноства збаўленых, якія выбелілі сваю вопратку ў Крыві Ягняці і прынялі запрашэнне на Яго гасціну. Яны апранулі святочнае ўбранне, але пры гэтым на працягу свайго жыцця прайшлі праз уціск. Гэтым уціскам, гэтымі вузкімі брамамі і вузкім шляхам, якія прывялі іх да мэты зямной пілігрымкі — да неба — стала вернасць выбранага жыццёвага шляху разам з Езусам. Кожны, хто вырашыў ісці па шляху праўды і любові, часта быў прыціснуты неабходнасцю выракацца самога сябе, несці свой крыж і наследаваць Езуса, Божага Баранка. Для многіх збаўленным апошнім этапам уціску мог апынуцца чысцец.

Урачыстасць Усіх Святых дае нагоду для разважання. Па-першае, кожны ахрышчаны пакліканы да святасці! Як добра, што час ад часу мы можам узяць у рукі кнігу жыццяпісаў святых, каб праз сведчанне іх веры умацаваць у сабе надзею.

Што датычыць нашага зямнога жыцця, то я думаю, што яго можна параўнаць з прабываннем у мастацкай майстэрні. Ніводзін мастацкі твор мастак не стварае для таго, каб назаўжды пакінуць яго ў майстэрні. Уявім, што кожны чалавек — гэта прыгожы кавалак граніту або мармуру, у якім схаваная прыгожая скульптура. Мастак-скульптар, сам Бог, умелымі ўдарамі выяўляе прыгажосць, утоеную ў камені. Удары яго долата, якія адсякаюць непатрэбныя пласты каменя, вельмі дакладныя, прадуманыя, але ў той жа час нам, аб'ектам гэтай апрацоўкі, яны, на жаль, прычыняюць боль. Калі адсечаныя першыя вялікія пласты каменя, Бог працуе над дэталямі скульптуры, пазней шліфуе і выгладжвае ўсю паверхню, а на апошнім этапе яшчэ можа далікатна яе расфарбаваць. Гатовы твор пакідае студыю, стаўшы тою задуманаю раней выдатнаю працаю мастака, яго чакае месца на выставе, дзе ён выклікае ўсеагульнае захапленне і цікавасць.

Усе абрысы і асабліва твар кожнай скульптуры непаўторныя і ўнікальныя, гэтак жа, як шлях паклікання кожнага чалавека. Бог дае нам столькі гадоў жыцця, каб падчас сваёй зямной пілігрымкі мы дазволілі Яму, бліскучаму Мастаку, зрабіць з каштоўнага матэрыялу дасканалую скульптуру.

Можна прывесці яшчэ іншае параўнанне. Чалавек падобны да скульптуры, якую трэба адліць з каштоўнага металу — бронзы, срэбра або золата. Гэта атрымаецца толькі тады, калі зрабіць ідэальную форму, у якую пасля выліць расплаўлены метал, ачышчаны ад дамешкаў. Самае балючае — растапіць злітак, якім з'яўляецца кожны чалавек, і запоўніць расплаўленым металам усе частачкі ідэальнай формы. Форма — гэта новы чалавек, гэта новы Езус, эталон, дасканалая форма для кожнага чалавека.

Працэс ачысткі расплаўленага металу або праца скульптара па высяканні ўтоенай у кавалку мармуру фігуры патрабуе, каб мы аддаліся ў рукі Мастака і даверыліся Яго здольнасцям.

Браты і сёстры!

Праз гісторыю збаўлення ўжо прайшлі мільярды людзей, сярод якіх ёсць і нашыя продкі. Мы верым, што ў гэтых пакаленнях людзей былі тыя, хто аддаў сябе Богу-Мастаку і ў Яго майстэрні тут, на зямлі, прайшоў праз працэс ачышчэння і фармавання, так, што іх жыццё стала для нас вельмі важным прыкладам.

Існуе асаблівы спосаб сустрэцца з нашымі благаслаўлёнымі і святымі продкамі — унікальная падзея, у якой можна паўдзельнічаць кожны дзень, — святая Імша.

У той час, калі наша літургія на зямлі злучаецца з вечнай нябеснай літургіяй, мы злучаемся ў праслаўленні Бога разам са сваімі продкамі. А таксама з тымі святымі і благаслаўлёнымі, якіх няма ў спісах святых, але яны ўжо прабываюць у хвале Божай і чакаюць нас.

У адным з прыватных аб'яўленняў, прызнаных Касцёлам, Маці Божая правяла містычку Каталіну Рывас крок за крокам па кожным імгненні святой Імшы.

Можна сказаць, што Марыя паказвае нам тое, што нябачна для вачэй. Давайце пачытаем, як містычка апісвае падрыхтоўку да кансэкрацыі, калі разам з анёламі і святымі мы спяваем цудоўны гімн: «Святы, Святы, Святы...» .

«З правага боку, за арцыбіскупам з'явілася мноства людзей і па дыяганалі таксама. Яны былі апрануты ў аднолькавыя тунікі, але розных пастэльных адценняў: ружовыя, зялёныя, блакітныя, бэзавыя, жоўтыя, адным словам, рознакаляровыя, у вельмі цёплых танах. Іх твары таксама ззялі, поўніліся радасцю. Падавалася, што яны ўсе аднаго ўзросту. Можна было заўважыць (не магу сказаць, чаму), што сярод іх ёсць і маладзейшыя, і старэйшыя, але твары выглядалі аднолькава, без зморшчынаў, і былі шчаслівыя. Усе яны таксама схілілі калені на спеў «Святы, Святы, Святы...». Маці Божая сказала: «Гэта душы ўсіх святых і благаслаўлёных на нябёсах. Паміж імі душы вашых сваякоў, якія ўжо атрымліваюць асалоду ад сузірання Бога». За алтаром з'явіліся цені людзей шэраватых колераў з узнятымі рукамі. Маці Божая сказала: «Гэта благаслаўлёныя душы з чыстца, якія чакаюць вашых малітваў, каб вызваліцца. Не пераставайце маліцца за іх. Яны моляцца за вас, але не могуць маліцца за сябе саміх. Ты павінна маліцца за іх, каб дапамагчы ім пакінуць чысцец, каб яны маглі быць з Богам і разам з Ім цешыцца вечнасцю».

Пра многіх святых гавораць і пішуць, што яны чыталі шмат выдатных кніг, сярод іх былі кнігі пра Нябеснае Валадарства. Сёння варта пачытаць, напрыклад, 4, 5, 21 або 22 раздзелы Кнігі апакаліпсісу, дзе перад намі раскрываецца рэчаіснасць неба, Божай прысутнасці, у якой прабываюць анёлы і святыя, і разам з імі поўныя радасці нашы сваякі – цудоўныя «духоўныя скульптуры», якім для поўнага шчасця не хапае толькі праслаўленых целаў, якія яны атрымаюць на Апошнім судзе.

Узгадаўшы Кнігу апакаліпсісу, я не магу таксама не ўзгадаць касцёл святога Міхаіла ў Гільдэсхайме, старажытнай сталіцы адной нямецкай дыяцэзіі. У прэзбітэрыі гэтага касцёла, у некалькіх метрах над зямлёй, адразу над галоўным алтаром, дзе цэлебруецца святая Імша, змешчаны прадмет, які на першы погляд нагадвае вялікі падсвечнік. На самай справе гэтая прыгожая металічная канструкцыя ўвасабляе апакаліптычнае апісанне неба. На самым версе знаходзіцца рука Бога Айца ў жэсце благаслаўлення, ніжэй — голуб, сімвал Святога Духа, і трон, які падтрымліваюць чатыры жывёлы і на якім змешчаны Божы Баранак, наш Збаўца. Ад гэтага пасаду Баранка сыходзяць прамяні, якія прыводзяць у кола 24 старцаў, што сядзяць на 24 тронах і трымаюць у руках залатыя начынні з малітвамі святых. Гэтыя старцы — прадстаўнікі ўсяго чалавецтва, на іх галовы ўскладзены залатыя вянкі, якія ў іншым апісанні апакаліпсісу яны ўскладаюць да трона Баранка. Гэты мастацкі твор паказвае нам тое, што нябачна для вачэй адбываецца падчас кожнай Імшы. Бо ў гэты час неба зыходзіць на зямлю. Гэты выдатны і непаўторны мастацкі твор з'яўляецца выразам культуры, сфармаванай хрысціянскай верай. Як хтосьці сказаў, не мы ўзыходзім на нябёсы, а неба сыходзіць да нас, каб забраць нас з сабою. Няхай сённяшняя ўрачыстасць Усіх Святых, якую мы з вераю адзначаем, дапаможа нам стаць больш чуллівымі і ўсвядоміць гэтую нябачную прысутнасць некананізаваных святых з нашых сем'яў. Няхай сустрэчы з імі падчас Эўхарыстыі дапамогуць нам наследаваць іх і жыць у непасрэднай блізкасці да Пана Езуса.


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней