ХХXІIІ Звычайная нядзеля, Год А (15.11.2020)
Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў.
Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку. Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: «Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх». Гаспадар ягоны сказаў яму: «Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго».
(Мц 25, 14–15. 19–21)
«Увайдзі ў радасць гаспадара твайго…»
Многія вучні старанна вучацца, бо ім загадваюць бацькі і настаўнікі. І работнікі часта сумленна выконваюць сваю працу, бо іх строга і без перапынку кантралюе начальства. Хрысціяне моляцца і ходзяць у касцёл, бо часта чуюць, што той, хто не моліцца і не ўдзельнічае ў святой Імшы, грашыць. Гэты спіс можна працягваць. Чым кіруюцца людзі ў сваіх дзеяннях? Што змушае вучняў прыкладаць больш намаганняў у вучобе, а работнікаў — не спазняцца на працу і выконваць заданні ў вызначаны тэрмін?
Адказ ляжыць на паверхні. Вялікая сіла, якая вырывае нас з камфорту і прымушае актыўна нешта рабіць, — гэта страх. Калі задумацца, то страх — гэта матыў многіх нашых штодзённых справаў. Кожны можа скласці для сябе такі спіс: «Я раблю сёе і тое, бо баюся, што..» Можа аказацца, што не лянота — рухавік прагрэсу, як часта гавораць, а менавіта страх.
Часцей за ўсё мы ўспрымаем страх негатыўна, баімся страху. Ці ж можа страх быць нечым добрым? Аднак тое, што звычайны страх штурхае чалавека да дзеяння — гэта станоўчы вынік. Праблема ў тым, што гэтае дзеянне само па сабе можа быць дрэнным.
Нядзельнае Евангелле нагадвае нам, што страх можа быць і добрым. Мы называем яго бояззю Божай, якая з’яўляецца адным з дароў Духа Святога. У прыпавесці пра гаспадара і слугаў першыя два слугі памнажаюць атрыманыя таленты, а трэці, хоць і кажа, што з боязі закапаў атрыманае дабро, на самай справе паказаў гэтым непавагу да гаспадара, які разлічваў, што яго дабро будзе вернута з прыбыткам, а не змарнаванае ў бяздзеянні. Дар боязі Божай дае нам адвагу чыніць тое, што падабаецца Богу, і ўстрымлівацца ад таго, што Яму не міла. Таму давайце прасіць Духа Святога, каб абудзіў у нашых сэрцах дар боязі Божай, каб і нам у адпаведны час пачуць: «Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго».
Айцец Павел Мажэйка ОР