Першая нядзеля Адвэнту, Год В (29.11.2020)

Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час. Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць. Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай, каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!»

(Мк 13, 33–37)

Рытм Адвэнту

Адвэнт — гэта больш, чым літургічны перыяд. Гэта стан розуму і сэрца хрысціяніна. Цяпер, аднак, літургія патрабуе ад нас асаблівай увагі і гатоўнасці чуваць, бо без гэтага немагчымая хрысціянская надзея: «Я сплю, а сэрца маё чувае» (пар. Пп 5, 2). Хрысціянін — гэта той, хто верыць, што ў будучыні яго чакае дабро. «Shall be well. Усё будзе добра», — пачула англійская містычка Юліяна Норвічская. Адвэнт нагадвае нам, што «неспакойнае сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Богу» (св. Аўгустын), бо без Яго нічога ў нас не ёсць добрым, завершаным, споўненым. Заклік «Marana tha» накіроўвае нас да крыніцы гэтага спаўнення. У Евангеллі мы чытаем, што невядома, калі прыйдзе апошняя гадзіна, таму нас напаўняе страх перад непазнаным. Але мы ўжо пазналі Таго, хто прамовіў да нас як Добрае Слова.

Кантэмпляцыйнае жыццё ў Касцёле — гэта ўзор Адвэнту. Нехта сказаў пра манахаў, што яны — «людзі, якія ў кульмінацыйны момант нейкай вясёлай забавы адчуваюць нястрымную прыцягальнасць ночы, бо разумеюць, што такія забавы — толькі прадчуванне смаку Божай гасціны, што некалі прыйдзе». Гэтае сумаванне ачышчае, абуджае смагу — гэтак жа Езус абудзіў у самаранцы самыя глыбокія памкненні сэрца. Адвэнт — час нашай асноўнай фармацыі, час зменаў, час, калі мы дасягаем Божага далягляду, адчуваем смак першасных рэчаў; калі абвастраецца наш духоўны слых, дазваляючы пачуць у нашых галасах Слова, а ў нашым сумаванні ўбачыць сапраўдную надзею. У гэтым руху прыцягальнасці і прадчування смаку, як гаворыцца ў Песні песняў, у гэтым напружанні паміж чалавечым і Божым святкаваннем, паміж сумаваннем і надзеяй, паміж хуткаплыннымі імгненнямі шчасця і пустыняю ўзнікае рытм Адвэнту. Бог будзе так доўга выбіваць у нас гэты рытм, пакуль у нашым жыцці не запануе Любоў.


Айцец Мацей Біскуп ОР
Паводле матэрыялаў інтэрнэт-часопіса W drodze

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней