«А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце…»

IIІ Нядзеля Адвэнту, Год B (13.12.2020)

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.

Вось сведчанне Яна. Калі юдэі з Ерузалема паслалі святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: «Хто ты?» Ён абвясціў, не выракся і вызнаў: «Я не Месія». І спыталіся ў яго: «Дык хто ж? Ты Ілля?» І сказаў: «Не». «Ты прарок?» І ён адказаў: «Не». Тады сказалі яму: «Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?» Ён сказаў: «Я голас таго, хто кліча ў пустыні: “Раўняйце дарогу Пану”, як сказаў прарок Ісая». А пасланцы былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: «Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок?» Ян сказаў ім у адказ: «Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных». Сталася гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.

(Ян 1, 6–8. 19–28)

«А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце…»

Сёння ў Евангеллі мы бачым сцэну, у якой да Яна Хрысціцеля прыходзяць фарысеі і пытаюцца, чаму ён хрысціць народ? Можа, ён прарок ці Месія? Можа, ён — новы Ілля? А Ян Хрысціцель адказвае, што ён не прарок і не Ілля, але сярод іх стаіць той, каму ён не варты развязаць раменьчыкі на сандалях. Крыху раней евангеліст Ян гаворыць пра Яна Хрысціцеля, што ён не быў святлом, але прыйшоў засведчыць пра святло.

Калі я разважаў пра сённяшні евангельскі фрагмент, я ўзгадаў прыклад з прыроды. Усім нам знаёмыя птушкі крумкачы. Для нас гэта звычайныя чорныя птушкі, але самі крумкачы ўмеюць бачыць у дыяпазоне ўльтрафіялету, і таму крумкач для іншага крумкача не чорны, а шматкаляровы, вельмі прыгожы. Насамрэч святы Ян Хрысціцель хоча сказаць фарысеям, што рэчаіснасць, у якой яны жывуць, нашмат багацейшая, чым яны могуць яе ўбачыць. Фарысеі ўпэўнены, што ўсё ведаюць: у свет павінен прыйсці Месія, а да Месіі павінен прыйсці прарок Ілля. А тут Ян Хрысціцель сцвярджае, што сярод іх ужо ёсць сапраўднае святло, але яны не ўмеюць яго распазнаць. Атрымліваецца, што ён нібыта абвінавачвае іх у слепаце…

Памятаеце, у мінулую нядзелю ў Евангеллі гучалі словы самога Пана Езуса пра тое, што Ян Хрысціцель — найбольшы прарок, і што ён — Ілля, які мусіць прыйсці перад Месіяй. Чаму ж Ян Хрысціцель сам сцвярджае іншае? Я думаю, ён мае на ўвазе, як у прыкладзе з крумкачамі, што ён іншы, не такі, якім яго бачаць фарысеі: не чорная птушка, а рознакаляровая.

Вядома, справы збаўлення датычаць не птушак, а Божага дзеяння. Ян Хрысціцель гаворыць фарысеям, што сярод іх ёсць Той, які павінен быў прыйсці, Той, каго яны ўвесь час чакалі, і з гэтымі ж словамі ён звяртаецца і да кожнага з нас: сярод вас ёсць Хрыстус!

Я магу бачыць за вакном шэры дзень, але калі я паверу Яну Хрысціцелю, які, можа, і не бачыў цалкам, але ведаў, што нашая рэчаіснасць багацейшая, то сярод шэрага дня я ўбачу святло Хрыста, якое можа рассвятліць маё жыццё, убачу Яго дзеянне, якое можа перамяніць маё жыццё, убачу Яго ласку, якая дае радасць і супакой, перамяняе мяне. З аднаго боку ўвесь час я буду заклікаць: прыйдзі, Пане Езу, маран-ата! А з іншага, і да гэтага заахвочвае сёння Ян Хрысціцель, я буду жыць рэчаіснасцю прысутнасці Хрыста.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней