ІV Нядзеля Адвэнту, Год В (20.12.2020)
У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».
І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?» Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага». Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.
(Лк 1, 26–38)
«Вось я, слуга Пана…»
«Вядзі, Марыя, за сабой, куды Твой Сын пакліча нас...» спяваецца ў вядомай рэлігійнай песні. Давайце задумаемся, ці ўспрымаем мы гэтыя словы ўсур’ёз. Хрысціянства — гэта не прытворства, не толькі прыгожыя спевы і добра праведзены час. Хрысціянства — гэта таксама свабодны і адказны выбар. Гэта ўсё жыццё, а не толькі нейкі яго абшар. Гэта тое, з чаго будзем здаваць справаздачу, калі наш Пан Езус Хрыстус прыйдзе зноў у хвале. Ці застане Ён нас у чуванні, як верных слугаў?
Каб не страціць сутнасці свайго паклікання, варта часта звяртацца да Марыі, Божай Маці. Менавіта Яна, сапраўдная верная Слуга Пана, можа навучыць нас услухоўвацца ў Божую волю, з радасцю і пакорай прымаць яе. Хто, як не Марыя, можа навучыць нас ахвяроўваць Богу не нейкія нашы дары, якія ніяк не спрычыняюцца да нашых унутраных зменаў, але ахвяроўваць Яму саміх сябе, не разлічваючы на нейкую ўласную выгаду, а толькі таму, што Ён ёсць Богам, які аддае ўсяго сябе нам і наш частковы адказ на гэта будзе недастатковы, каб праславіць Яго Імя так, як Ён гэтага варты. Толькі Марыя можа навучыць нас жыць так, каб змагчы аддаваць усіх сябе Богу, бо Ён — Бог, які не прымае нерашучых адказаў. Хай жа за гэтымі словамі імкнуцца нашыя сэрцы: «Вядзі, Марыя, за сабой...»
Айцец Павел Мажэйка OP