Свята Хросту Пана, Год В (10.01.2021)
Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў. І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце. Ідзіце купляйце без срэбра і без платы віно і малако.
Навошта вы адважваеце срэбра за тое, што не ёсць хлебам, а працу сваю за тое, чым нельга насыціцца? Слухайце ўважліва Мяне і спажывайце дабро, і няхай душа вашая нацешыцца тукам. Схіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне, паслухайце і жыць будзе душа ваша. І дам вам запавет вечны — нязменныя ласкі для Давіда.
Вось я ўчыніў яго для народаў сведкам, правадыром і настаўнікам для народаў. Вось ты паклічаш народ, якога не ведаў, і народы, якія не ведалі цябе, пабягуць да цябе, дзеля Пана Бога твайго і Святога Ізраэля, бо Ён уславіў цябе.
Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе, клічце Яго, пакуль Ён блізка! Няхай бязбожны пакіне шлях свой, а чалавек беззаконны — свае намеры; няхай вернецца да Пана, і Ён змілуецца над ім, да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэнне. Бо мае думкі — гэта не вашыя думкі, і вашыя шляхі — не мае шляхі, — гаворыць Пан. Бо як нябёсы ўзвышаюцца над зямлёю, так шляхі мае — над шляхамі вашымі і думкі мае — над думкамі вашымі. Падобна як дождж і снег падае з неба і туды не вяртаецца, але поіць зямлю і робіць яе ўрадлівай, і яна родзіць, і прыносіць плён сейбіту і хлеб для таго, хто есць, так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх, не вернецца да Мяне без плёну, пакуль не споўніць тое, што Я хацеў, і з поспехам дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго.
(Іс 55, 1–11)
Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем Яго запаведзі. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі. Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера.
Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым? Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў. Не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда. Бо трое тых, хто сведчыць: Дух, вада і кроў, і гэтыя тры — адно. Калі мы прымаем сведчанне людзей, то Божае сведчанне большае, бо гэта ёсць сведчанне Бога, якое Ён даў пра свайго Сына.
(1 Ян 5, 1–9)
Ян прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
У тыя дні прыйшоў Езус з Назарэта, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. Адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя і Духа, што як голуб, сыходзіў на Яго. І быў голас з нябёсаў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».
(Мк 1, 7–11)
Сведчанне хрышчэння
Нядзеля Хросту Пана завяршае літургічны перыяд Божага Нараджэння. У гэтым годзе святочны час быў для многіх надзвычай складаным і мала нагадваў свята. Мы бачым, як за некалькі месяцаў нашае жыццё і мысленне цалкам змяніліся, і гэтак жа змянілася навакольная рэчаіснасць. Як жа шмат у ёй няпэўнасці і страху. Езус нарадзіўся дакладна тут, дзе мы цяпер ёсць. Ён — Эмануэль, «з намі Бог». І мы гэтаксама павінны нанова нарадзіцца ў сваёй веры ў той рэчаіснасці, якая атачае нас.
Хрост Езуса — гэта пачатак Яго публічнай дзейнасці, якая пазней прывядзе да крыжа, і пачатак супольнасці, з якой пазней вырасце Касцёл. У кантэксце ўласнага жыцця — асабістага і грамадскага — мы павінны вярнуцца да свайго хрышчэння як да крыніцы, з якой вынікае наш удзел у Езусавым шляху смерці і ўваскрасення і ўдзел у жыцці Касцёла. Божая ласка, атрыманая дарма, і сведчанне іншых людзей прывялі нас у Касцёл, дзе мы атрымалі хрышчэнне. Хрышчэнне — гэта ў тым ліку і пакліканне даваць асабістае сведчанне веры, якая «перамагае свет» (1 Ян 5, 4). Дзякуючы надзеі «перамога паглынула смерць» (1 Кар 15, 54). Дзякуючы любові перамога адбываецца ў кожнай праяве дабра і прабачэння, прысутнасці і памяці, нават калі цяпер немагчыма быць побач адно з адным. Дзякуючы веры перамога адбываецца ў праўдзе сведчання і жыцця. Вярнуцца да ўласнага хрышчэння — азначае захаваць веру і іскрынку надзеі, якія распальвае любоў.
Гэта нашае сведчанне хрышчэння, падзеі, якая не проста ўпісана ў парафіяльную кнігу хрышчэнняў, а ўпісана ў нашыя сэрцы і штодзённасць. «Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе» (Іс 55, 6). Можа, цяпер неабходна будзе пайсці іншым шляхам, бо той, якім мы крочылі раней, ужо скончыўся і стаў для нас замалы? А можа, шляхі, якімі мы дагэтуль ішлі, толькі падаваліся нам Ягонымі шляхамі (пар. Іс 55, 8)?
Айцец Крыштаф Паплаўскі ОР
Паводле матэрыялаў інтэрнэт-часопіса W drodze.