ІІ Звычайная нядзеля, Год В (17.01.2021)

На другі дзень зноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных і, убачыўшы Езуса, які ішоў, сказаў: «Вось Баранак Божы». Пачулі двое вучняў яго, што ён казаў, і пайшлі за Езусам. А Езус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа: «Чаго шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі (што азначае “настаўнік”), дзе жывеш?» Ён сказаў ім: «Ідзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень. Было каля дзесятай гадзіны.

Адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Знайшоўшы спачатку брата свайго Сымона, сказаў яму: «Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)». І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас», што азначае «Пётр», «скала».

(Ян 1, 35–42)

Больш праўды

Мне здаецца, што ў сучасным свеце вельмі частаю з’яўляецца праблема безразважлівага даверу да інфармацыі, атрыманай з ненадзейных крыніц. Чытаючы стужку навінаў у сеціве ці нейкі іншы тэкст, мы часта ўспрымаем напісанае як апрыёры вартае даверу і нават не клапоцімся, каб пацікавіцца, кім з’яўляецца аўтар, альбо проста задаць сабе пытанне: «А ці гэта праўда?» Можна паспрабаваць пабудаваць дом з матэрыялаў, набытых абы-дзе, у нейкіх авантурыстаў, але гэта вельмі небяспечна. Гэтак жа можна, але вельмі непажадана, будаваць свой святапогляд на зменных меркаваннях і няспраўджаных фактах. Больш за тое, памылкова прыняўшы нешта за ісціну, мы свядома ці несвядома ўключаемся ў распаўсюд такой «ісціны». Гэта не азначае, што не трэба давяраць іншым людзям. Аднак жа ніхто не адмяняў пільнасць і здаровую разважлівасць у адносінах да інфармацыі.

Ян Хрысціцель — варты даверу сведка, і таму яго вучні могуць, не вагаючыся, пайсці за чалавекам, якога ён называе Баранкам Божым. А сам Езус, замест яскравага апісання цудоўных перспектываў, якія нібыта чакаюць Ягоных вучняў, прапануе ім скласці пра гэта ўласнае ўражанне: «Ідзіце і ўбачыце». Андрэй у сваю чаргу дзеліцца з Пятром, сваім братам, тым, што асабіста перажыў: «Мы знайшлі Месію».

Больш праўды ў жыцці — гэта мэта, да якой мы мусім імкнуцца кожны дзень. Праўда пра сябе — не выключэнне з гэтага правіла. І няхай сама Праўда дапапожа нам яе адкрыць і жыць ёю.


Айцец Павел Мажэйка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней