ІV Звычайная нядзеля, Год B (31.01.2021)
Калі прыйшлі ў Кафарнаум, Ён адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. Быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: «Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы». Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І спужаліся ўсе так, што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: «Што гэта? Новае вучэнне з моцаю; Ён загадвае нават нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго». І хутка разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.
(Мк 1, 21–28)
Моц слова
«О, каб вы паслухалі сёння Ягоны голас», (Пс 95, 7) — заклікае псальміст. Варта суаднесці гэты заклік з фрагментам сённяшняга евангельскага чытання, якое паказвае нам моц Божага слова. Езус падае сваё вучэнне з моцаю, як Той, хто мае ўладу. Ён — не проста каментатар, як кніжнікі. Прысутныя дзівяццца і нават пужаюцца, калі Ён загадвае нячыстаму духу пакінуць цела апантанага, і той слухаецца.
Узнікае пытанне, ці варта сёння ўслухоўвацца ў Божае слова? Каб адказаць на яго, неабходна ўважліва звярнуць увагу на тое, што ў вучэнні Езуса здзівіла прысутных. Па-першае, Ён гаварыў і паводзіў сябе як Той, хто мае ўладу. Мы часта адчуваем, што не маем улады над уласным жыццём, не кантралюем яго. Пагоня за прагненнямі, якія мы носім у сабе, можа прывесці да таго, што мы згубім саміх сябе. Паглыбленне ў Божае слова дае нам шанец адкрыць сапраўдныя прагненні.
Па-другое, у словах Езуса была моц выгнаць нячыстага духа. Мы кожны дзень змагамася з рознымі хаатычнымі прагненнямі. І менавіта моц Божага слова ачышчае чалавека, дапамагае адкрыць, што нашае сапраўднае прагненне — блізкасць Бога, які няспынна жадае нам дабра. Нахай жа, чуючы Божы голас, мы будзем няспынна дзівіцца Яму, і няхай нашыя сэрцы ніколі не зачарсцвеюць, не стануць жорсткімі (гл. Пс 95,7–8).
Айцец Марыюш Куліг ОР
Паводле матэрыялаў інтэрнэт-часопіса W drodze