VІ Звычайная нядзеля, Год B (14.02.2021)
Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты. Езус сурова звярнуўся да Яго і зараз жа адправіў. І cказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей, на сведчанне ім». Але той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра здарэнне, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а заставаўся звонку, у пустынных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
(Мк 1, 40–45)
«Можаш мяне ачысціць…»
Сёння ў Евангеллі мы бачым пракажонага, які просіць Пана Езуса аздаравіць яго. Думаю, што цяпер, маючы цэлы год досведу пандэміі, мы разумеем, як заразная хвароба можа знішчаць сацыяльныя стасункі людзей. Многія з нас ужо неаднойчы пабывалі на каранціне або на самаізаляцыі, і нам нашмат прасцей уявіць, што перажываў пракажоны чаалвек, які быў адкінуты грамадствам і мусіў гучна крычаць, каб людзі яго стараніліся. Такі чалавек, у якога ўсе грамадскія стасункі і адносіны знішчаны, зменены хваробай, прыходзіць да Пана Езуса і просіць аздараўлення. І вось мы бачым Пана Езуса, які ёсць крыніцаю жыцця і можа адарыць жыццём і сапраўдным здароўем, дакранаецца да яго. Пасля гэтага Езус не становіцца сам нячыстым, не захворвае, а наадварот: чысціня Пана пераходзіць на хворага чалавека. Езус не толькі аздараўляе яго ад хваробы цела, але і аздараўляе ўсе яго адносіны. Ён можа зноў вярнуцца ў грамадства. Пан Езус наказвае яму нікому не распавядаць пра сустрэчу з Ім, а ісці адразу да святароў і, адпаведна з законам Майсея, скласці ахвяру Богу. Пан Еузс гаворыць, што гэта будзе найлепшае сведчанне для іх. Сябры, давайце на хвілінку засяродзімся і паразважаем пра тыя падзеі: глядзіце, можа, мы і не хварэем на праказу, але вельмі часта бывае, што нашыя адносіны з людзьмі і грамадскія стасункі нездаровыя. Насамрэч я думаю, што кожнаму ў жыцці патрэбна, каб Пан Езуус да яго дакрануўся. Патрэбна, каб Ён сваім дотыкам аздаравіў мяне: не толькі маё цела, але і мае стасункі з людзьмі. Бывае, што нам асабліва хочацца гаварыць пра гэта, але Пан Езус наказвае: не гавары, а будзь сведкам. Калі тваё сэрца будзе аздароўлена, табе не трэба будзе гаварыць пра гэта людзям, ты сам будзеш сведчаннем для іх. Не гавары пра сябе, а дазволь, каб любоў, перамена, якую Хрыстус табе дае, перамяняючы твае стасункі і адносіны, сама была сведчаннем. І можа стацца, што перамена ў чалавеку, проста заўважаная ў адносінах, бывае нашмат большым сведчаннем, чым шматслоўнасць. У словах ніколі не атрымаецца так ясна перадаць веліч, дабрыню і прыгажосць Хрыста, як тады, калі мы імкнемся несці ў свет Яго любоў.
Айцец Крыштаф Коц’ян ОР