«Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце…»

ІІ нядзеля Вялікага посту, Год B (28.02.2021)

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне. Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць»

(Мк 9, 2–10). 

«Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце…»

Сучаснага чалавека паглынае мора разнастайнай, часта супярэчлівай, неадчэпнай і навязлівай інфармацыі, у якой даволі цяжка арыентавацца. Многія лічаць ледзь не асноўным сваім абавязкам выказваць і нават навязваць іншым сваё асабістае меркаванне на розныя тэмы, не зважаючы на чужыя погляды і думкі. З-за інфармацыйнай навалы ўвогуле знікае павага да слова, яго вартасць абясцэньваецца, і застаецца роспачнае адчуванне згубленасці, насцярожанасці, няпэўнасці…

Другая нядзеля Вялікага посту дае нам цудоўную нагоду не згубіцца ў кругаверці падзеяў, куды імкнуцца штурхнуць нас розныя так званыя эксперты ў тым, як трэба жыць. Нядзельнае літургічнае чытанне прапануе нам разам з Пятром, Якубам і Янам пайсці на гару Перамянення за Чалавекам, Які адзіны мае права вучыць жыццёвай мудрасці, каб там пачуць голас Айца: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце», каб апроч Яго— уцелаўлёнага Божага слова — нікога не бачыць каля сябе. Гэта не азначае, што не трэба звяртаць увагу на бліжніх і іх патрэбы, бо гэта значыць адпрэчыць сэнс Вялікага посту і ўсяго хрысціянскага жыцця. Аднак сярод шмагалосага атачэння неабходна вучыцца чуць і ўспрымаць толькі Божае вучэнне, і толькі з ім узгадняць свае перакананні і ўчынкі. Парады і меркаванні іншых людзей маюць вартасць настолькі, наколькі яны сугучныя вучэнню Хрыста, нават калі не спасылаюцца непасрэдна на яго. Але трэба быць уважлівымі і ўмець вылучаць Божае зерне сярод пустазелля, памылковых меркаванняў, інтэрпрэтацый або няправільных спосабаў дасягнуць добрых мэтаў, якія нярэдка дамешваюцца да слушных поглядаў. Добрая інтуіцыя і памкненне да дабра могуць падмануцца і спакусіцца прапановамі дасягаць дабра проста, аднымі чалавечымі (не абавязкова злачыннымі) сіламі. Лёгкасць павінна насцярожваць. Вучням давялося ўзысці на гару, перш чым яны ўбачылі прыгажосць перамененага Езуса і адчулі асалоду прабывання з Ім, бо гара Табор — гэта прадвесце гары Кальварыі. І абедзве гэтыя гары сумяшчаюцца ў таямніцы святой Імшы, бо яе структура нагадвае ўзыход на гару і зыход з яе, а на вяршыні адбываецца (паасобку, што сімвалізуе аддзяленне душы ад цела, то бок — смерць Хрыста) сакрамэнтальнае перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Бога Сына. А прыманне Яго ў святой Камуніі мае моц перамяняць нас і рабіць здольнымі ісці за сваім пакліканнем Божых дзяцей, нашчадкаў Нябеснага Валадарства, прадчуванне якога было дадзена выбраным Апосталам. Чым больш уважліва мы слухаем і выконваем тое, чаму вучыць Езус, тым больш пашыраецца ў нас гэтая моц, а чым больш яна пашыраецца, тым больш упэўнена і пераканана мы ідзем за Божым голасам, адрозніваючы яго ў гомане людскіх галасоў, і гэтым паказваем няпросты, але адзіны спрыяльны шлях да ўваскрэсення ўсім, хто шчыра шукае Праўду і яе Крыніцу.


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней