Lex orandi! Lex credendi! Lex vivendi!

ІII Нядзеля Вялікага посту, Год В (07.03.2021)

Сказаў Бог усе гэтыя словы:
Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі.
Не май іншых багоў, апроч Мяне.
Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна.
Памятай пра дзень шабату, каб свяціць яго.
Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб доўга жыць на зямлі, якую Пан Бог твой дасць табе.
Не забівай.
Не чужалож.
Не  крадзі.Не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго.
Не пажадай дому бліжняга свайго; не пажадай ні жонкі яго, ні ягонага нявольніка, ні ягонай нявольніцы, ні вала ягонага, ні асла ягонага — нічога, што належыць яму.

(Зых 20, 1–17)

Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў – згаршэнне, для язычнікаў – глупства, а для тых, хто пакліканы, юдэяў і грэкаў, Ён – Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць. Бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей.

(1 Кар 1, 22–25)

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем. У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там. Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў. А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю». І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне». На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?» Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе». Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?» Ён жа казаў пра святыню свайго цела. І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.

А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачы знакі, якія Ён чыніў. Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.

(Ян 2, 13–25)

Lex orandi! Lex credendi! Lex vivendi!

Сёння Касцёл прапануе нам Божае слова, якое дапаможа ў фармаванні сумлення падчас Вялікага посту.

Словы Дэкалогу, якія мы знаходзім у першым літургічным чытанні, адорваюць нас дабрынёю і мудрасцю Бога Айца. У гэтых дзесяці сказах цэлых сем разоў ужываецца слова «не». Некаторыя кажуць, што падобны негатыўны падыход да жыцця, маўляў, не рабі так, не глядзі гэтак, не кажы такога... проста не да месца. А давайце звернемся да падобных прыкладаў у спорце: добры трэнер, рыхтуючы спартоўца да Алімпіяды, таксама часта паўтарае свайму падапечнаму «не». Трэнер не імкнецца зняважыць спартоўца, а хоча, каб ён пазбавіўся ўсяго, што шкодзіць яго развіццю ў спорце, і ўмацаваў тое, што спрыяе гэтаму. Калі спартовец падчас трэніроўкі пазбягае няправільнай позы, удару або пазіцыі, падчас спаборніцтваў гэта можа даць яму перавагу над супернікам і стаць ключом да перамогі, а гэта будзе радасцю і для яго самога, і для трэнера. Пан Бог — наш мудры і поўны любові трэнер, які ведае, што трэба добра падрыхтавацца да барацьбы з супернікам.

Аднак можа аказацца, што спартовец і таленавіты, і мае добрую тэхніку, аднак у пэўны момант траціць матывацыю — такі здаровы «допінг», без якога ён не здольны змагацца і прымаць выклік. Нібы нагружаны каштоўным таварам карабель, ён не можа выйсці з порта, не маючы рухавіка і навігацыі. Гэтак жа адбываецца і ў сферы духоўнага жыцця, калі чалавек, ведаючы Дэкалог, не здольны выконваць запаведзі, таму што ў яго няма матывацыі і сілы Божай ласкі.

У чытанні з Паслання святога Паўла да Карынцянаў мы бачым, што для сваіх сяброў Пан Езус — не толькі Божая мудрасць, але і Божая сіла. Так, мы слабыя, але святы Павел пераконвае, што чалавечая слабасць, трапіўшы ў рукі Бога, будзе перамененая Яго сілай. Таму, калі я падаю пад крыжам нейкай слабасці, калі парушаю запаведзь Дэкалога, трэба даверыць Богу сваю слабасць, і Езус дасць мне сілу і моц пераадолець яе. Ён цвёрда абяцае гэта! Трэба толькі настойліва і даверліва прасіць, каб у нашым жыцці стала дзейнічаць Яго моц.

Чуючы ў Евангеллі словы Езуса пра святыню, мы павінны зноўку ўсвядоміць, што кожны ахрышчаны —гэта Божая святыня, і што Божая моц прабывае ў нас. Мы — новыя людзі, Божыя дзеці, а гэта значыць, што сіла Пана Езуса належыць нам, мы атрымліваем яе ў спадчыну. Ніколі нельга траціць веру ў Божыя абяцанні, трэба памятаюць, што моц Езуса выганяе няпрошаных «гасцей» са святыні нашых сэрцаў. Святая Тэрэза ад Езуса піша, што чалавек, які жыве ў цяжкіх грахах і не збіраецца нічога змяняць, сябруе з чортам. Калі не аддаць свае грахі падчас споведзі, моц Хрыста не спрацуе.

Мне ўзгадваюцца словы пра адзінства, у якім мусяць прабываць нашая малітва, вера і жыццё. Існуе патройны закон, правіла Lex orandi! Lex credendi! Lex vivendi! Па ўзоры трох Асоб Святой Тройцы, якія жывуць у неверагодным адзінстве, Бог сваёю моцай аб'ядноўвае ў нас тры вымярэнні духоўнага жыцця: малітву, веру і жыццё. Гэта адбываецца дзякуючы Пасхальнай Ахвяры Езуса.

Адзін юнак быў вялікім эгаістам, і аднойчы яму захацелася вырвацца з такога жыцця, а духоўны кіраўнік параіў яму ўглядацца ва ўкрыжаванага Пана Езуса, памятаючы, што Ён быў узняты на крыж за яго грахі. Гэтыя медытацыі дапамаглі юнаку змяняць свой лад жыцця. Укрыжаваны Езус, пра якога сведчыць святы Павел у сённяшнім другім літургічным чытанні, стаў для юнака сілай, якая пераадольвае немач. Хрыстус ачысціў яго душу і навучыў жыць Евангеллем.

Для нас, вучняў Езуса, поўная веры малітва, якая спалучаецца з разважаннем над таямніцамі Крыжовага шляху Хрыста, павінна стаць дарогаю да змены жыцця, каб тры lex (законы) — малітва, вера і жыццё — сталі ў кожным адным цэлым, маналітам, скалою і домам, што не абрынецца нават тады, калі бура і дождж, гэта значыць нягоды і спакусы, уздымуцца супраць нас, бо Хрыстус — наша моц!


З малітвай, айцец Раман Шульц ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней