V Нядзеля Вялікага посту, Год В (21.03.2021)
Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам убачыць Езуса». Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу. А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў!»
Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя казалі: «Анёл гаварыў з Ім». Адказваючы, Езус сказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе». Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці.
(Ян 12, 20–33)
«Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго …»
Самарэалізацыя, самаўдаскаленне — модныя цяпер словы. Менавіта ў кірунку асабістага развіцця падштурхоўвае нас сучасная культура. Гэтае развіццё адбываецца ў фізічнай сферы — праз спорт, розныя трэніроўкі і дыеты. Праз панаванне над сабою і практыкі расслаблення нам прапануецца дасягнуць гармоніі ў псіхіцы. Багата ёсць розных методыкаў, якія дапамагаюць вучыцца і запамінаць інфармацыю, каб упэўнена адчуваць сябе ў інтэлектуальнай сферы. А чаго мы мусім дасягнуць у выніку? Станем людзьмі з дасканалым целам, навучымся па-буддысцку панаваць над сваімі пачуццямі і прагненнямі, атрымаем недасягальны для іншых інтэлектуальны ўзровень?
Думаю, калі б так сапраўды сталася, гэта прывяло б нас у жах. Такі суперчалавек быў бы вельмі адзінокі, бо ён цалкам самадастатковы і яму ніхто не патрэбны, а каб служыць сваімі звышздольнасцямі іншым людзям — неабходная пакора, трэба ведаць, што значыць быць слабым. Гэта толькі ў папулярных фільмах супергероі гатовыя служыць чалавецтву. У рэальнасці мы часцей бачым, як чалавек, які надзелены вышэйшымі за сярэднія здольнасцямі або мае ўладу над іншымі, становіцца ў рэшце рэшт недасягальным самотнікам, пагарджае іншымі людзьмі і жыве ў страху, што з’явіцца той, хто яго пераўзыйдзе.
Усе размовы пра самаўдасканаленне губляюць вартасць і моц, калі мы чуем словы Езуса: «Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой». Ён гаворыць пра свае цярпенні і смерць, менавіта таму, што чалавек хоча знішчыць Бога, думае, што Бог абмяжоўвае яго развіццё, самаўдасканаленне. А Езус, які ёсць Богам, запрашае ісці за Ім, каб адкрыць сваю годнасць... чалавека. Чалавека, створанага паводле Божага вобразу. А для гэтага трэба прыняць запрашэнне Езуса, пайсці за Ім праз дрэва Крыжа і смерць да ўваскрасення, каб быць там, дзе Ён.
Толькі пайсці за Ім. Здаецца так проста, праўда? Чаму тады многія затрымліваюцца, збочваюць альбо ідуць у супрацьлеглым кірунку?
Айцец Павел Мажэйка ОР