Пальмовая нядзеля або Нядзеля Мукі Пана, Год В (28.03.2021)

З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь Сінэдрыён зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату. Пілат спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён жа сказаў яму ў адказ: «Ты кажаш». І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім. Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: «Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе». Езус нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.

На свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі. Быў жа нейкі Бараба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім. Пілат жа сказаў ім у адказ: «Хочаце, адпушчу вам караля юдэйскага?» Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці. Але першасвятары падбухторылі народ, каб лепш адпусціў ім Барабу. Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце каралём юдэйскім?» Яны закрычалі зноў: «Укрыжуй Яго!» Пілат сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!» Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

 

Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту. Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго. І пачалі вітаць Яго: «Вітай, кароль юдэйскі!» Білі Яго па галаве трысцінай і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму. А калі насмяяліся з Яго, знялі пýрпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць.

І прымусілі нейкага Сымона Кірынэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж. Прывялі Езуса на месца званае Галгота, што азначае: «Месца Чэрапа». І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў.

Калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы лёсы, каму што ўзяць. Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс з віной Ягонай: «Кароль юдэйскі». Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго.  

Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа!» Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Хрыстус, кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.

Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю». А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.

І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.

Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы, як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».

(Мк 15, 1–39) 

Рахунак сумлення

Пальмовая Нядзеля ўводзіць нас у Вялікі тыдзень, калі разам з Панам Езусам мы перажываем апошнія дні Яго зямнога жыцця. Літургія прапануе да разважання гэтыя апісаныя ў Евангеллях падзеі і заахвочвае на іх падставе правесці паралель з цяперашнім часам і зрабіць своеасаблівы рахунак сумлення: наколькі кожны з нас здольны захоўваць вернасць Боскаму Настаўніку да канца.

Сапраўды, ці наш рэлігійны энтузіязм не заканчваецца гэтак жа хутка, як у многіх, хто радасна вітаў Таго, «хто прыходзіць у імя Пана» і не пераходзіць у вольнае або нявольнае «Укрыжуй!», калі пэўныя спадзяванні не спаўняюцца паводле нашай волі і ўяўлення? Ці маем мы дастаткова адвагі, каб вызнаць сваю прыналежнасць да Хрыста перад тымі, хто Яго не прызнае або нават ставіцца варожа? Ці можа, спалохаўшыся пераследу або непрыняцця з іх боку, як Пётр, адракліся ад знаёмства з Хрыстом і Яго навукай?

А магчыма, як Юда, дзеля зямной выгоды мы выкарыстоўвалі Касцёл Хрыстовы, прыкрываючыся добрымі намерамі (накшталт клопату пра бедных), можа, прадавалі веру і веранасць Праўдзе за «трыццаць срэбранікаў»? Можа, стомленыя духоўным змаганнем, гублялі чуйнасць у малітве, дазваляючы непрыяцелю авалодаць нашымі думкамі і ўчынкамі? Ці не мы блыталі прыналежнасць да супольнасці з уліваннем у бяздумную масу? Можа, успрымалі дэмакратыю, як права большасці адмяняць Божыя запаведзі і навязваць іншым сваё бачанне пэўных справаў і нормаў жыцця? Такім «дэмакратычным» шляхам падбухтораны групкай уплывовых асобаў натоўп дзве тысячы гадоў таму адправіў на крыж Бога і цяпер робіцца тое самае, калі людзі пачынаюць лічыць сваімі чужыя думкі і погляды, не цікавячыся, ці адпавядаюць яны Боскай праўдзе…

І якое ва ўсім гэытм месца займала Эўхарыстыя? Ці была яна для нас поўнай павагі ўдзячнасцю Пану за тое, што Ён дзеля нас перажыў у тыя дні, каб зрабіць нашчадкамі Божага Валадарства вызваленых Крыжам з духоўнай няволі і вечнай загубы бедных грэшнікаў? Ці плён ласкі праяўляўся ў шчодрасці дзеля Божай хвалы, як у жанчыны ў Бэтаніі? Ці неслі крыж бліжянга, як Сымон Кірэнэец і наколькі ахвотна мы гэта рабілі? Ці, служачы Езусу, захавалі Яму вернасць да канца, як тыя, хто стаяў каля Крыжа Збаўцы?..

Ці, нарэшце, вокліч «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?», у які Божы Сын уклаў боль усяго чалавецтва, якое без Бога не можа быць шчаслівым, з’яўляецца для нас стымулам усвядоміць глыбей гэтую праўду і пачаць больш рашуча крочыць да Таго, Хто сілком у рай не цягне, шануючы вольнасць чалавека, але з радасцю прымае ўсіх, хто шчыра прагне ўвайсці ў Яго Валадаарства і з удзячнасцю карыстаецца неабходнай для гэтага дапамогай Пераможцы?..


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней