Чаму плачаш, Магдалена?

Урачыстасць Уваскрасення Пана, Год В (05.04.2021)

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

(Ян 20, 1–9) 

Чаму плачаш, Магдалена?

Яна плача, бо не можа жыць без свайго Пана, бо яна тужыць па Ім, бо ўвесь свет стаў для яе цемраю і смуткам, калі з ёю няма Езуса. Яна нічога не ведае — не ведае, ці ўбачыць Пана яшчэ калі-небудзь, ці, можа, ужо ніколі нічога не дазнаецца пра Яго. Ён знік. Незваротна? Такі быў смутак Марыі Магдалены.

А я ці гэтак жа люблю Езуса? Маючы табэрнакулюм, знаходзячыся так блізка каля Езуса, ці карыстаюся я гэтым шчасцем? Ці гарнуся я да Яго? Ці спяшаюся ў вольныя хвіліны да табэрнакулюма, да майго Пана, каб выказаць Яму сваю любоў, каб у Яго чэрпаць сілы і адвагу ў жыцці і працы, да якой Ён мяне паклікаў?

Хачу прасіць майго Езуса, каб я адчувала вялікае шчасце ад таго, што магу быць так блізка каля Яго, і каб належным чынам карысталася гэтым шчасцем. Езус у табэрнакулюме — гэта цэнтр, вакол якога павінна круціцца ўсё маё жыццё. Думка мая ў працы і занятках мусіць ляцець да табэрнакулюма, а памяць пра Езуса ў белай Гостыі павінна абуджаць ува мне давер, калі прыгнятаюць клопаты; адвагу — калі праца здаецца мне не па сілах; адрачэнне — калі крыж абцяжарвае мае плечы; памяркоўнасць — калі людзі крыўдзяць мяне; бязмежную дабрыню да ўсіх, хто мяне атачае; радасць перад абліччам смерці. Прыкладу ж усе намаганні, каб у думках прабываць каля падножжа табэрнакулюма, дзе жыве мой Езус, мой Настаўнік і мой найлепшы Сябар.

Задумаемся над моцаю любові Марыі Магдалены і над яе поўным самазабыццём. Езус  — у яе думках, Езус — у яе сэрцы, у душы, у словах, ва ўчынках. Усё — з Езусам, заўсёды з Ім.

О калі б Ты, Магдалена, выпрасіла для мяне любоў, падобную да тваёй любові! Няхай маё сэрца так прыхінецца да Езуса, каб я бачыла Яго заўсёды, усюды, ва ўсім і ва ўсіх.

Любоў дае ёй сілу і адвагу, гатоўнасць да выканання самых цяжкіх заданняў. Ці ёсць у маім сэрцы такі высакародны запал любові? Езусу патрэбныя бескарыслівыя, шчырыя і высакародныя душы, якія аддаюцца Яму і Яго заданням цалкам, без аглядкі на сваё ўласнае «я».

Езу, змілуйся нада мною, дай мне любоў — моцную, як смерць, гатовую на ўсё для Цябе, Пане ўмілаваны!


Падрыхтаваў айцец Раман Шульц ОР паводле:
Св. Уршуля Ледухоўская USJK «Скарб любові. Біблійныя медытацыі», Мінск: «Про Хрысто», с. 373/4.
 

 

                                                                           

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней