ІІІ Велікодная нядзеля, Год В (18.04.2021)
Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.
Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!» Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я! Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю». Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?» Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі.
І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах». Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага. Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».
(Лк 24, 35–48)
«Чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах?»
Памятаю, як адзін чалавек казаў, што ніколі не сорамна рабіць дзве рэчы: не сорамна выконваць «чорную» працу — гэта значыць тую, якую ніхто не хоча рабіць, а зрабіць яе трэба, і не сорамна задаваць пытанні. І калі з першым мы як хрысціяне больш-менш спраўляемся, калі не марудзім з дапамогаю бліжняму ў партрэбе, то з другім могуць узнікнуць цяжкасці — спачатку незаўважальныя, але пазней яны руйнуюць нашу веру. Асмелюся нават сцвердзіць, што недавучаныя і неадукаваныя святары выходзяць з парафій, дзе вернікі ніколі альбо вельмі рэдка задаюць ім пытанні. Так, вядома, ёсць душпастыры, якія клапоцяцца пра духоўнае і інтэлектуальнае развіццё сваіх вернікаў, ладзяць для іх катэхезы. Аднак выбраныя тэмы не заўседы могуць супадаць з тым, што сапраўды хвалюе парафіяніна. Таму, каб пачуць тое, што мяне непакоіць і адносна чаго ў мяне ёсць сумненні, трэба задаць канкрэтнае пытанне канкрэтнаму чалавеку. Можна, канечне, пашукаць адказ у інтэрнэце, але настолькі давяраючы інтэрнэту, мы робім яго бясспрэчным аўтарытэтам для сябе, а людзі, якія нас атачаюць, трацяць магчымасць стаць разумнейшымі, бо ў іх ніхто нічога не пытаецца.
Вучні Хрыста ў нядзельным Божым слове, апрача страху, здзіўлення і смутку, перажываюць сумненні, і ўваскрослы Езус прыходзіць, каб дапамагчы разбурыць гэтыя сумненні рэальнасцю свайго Уваскрасення. А як адчуваў бы сябе наш Пан у асяроддзі хрысціянаў, якія святкуюць Вялікдзень, прымаючы факт Хрыстовага ўваскрасення без пытанняў і здзіўлення, як нешта завучанае? Прапаную нам усім, задаючы патрэбныя пытанні адпаведным людзям, зрабіць некалькі крокаў па канаце, сплеценым з веры і розуму, балансуючы паміж фідэізмам і рацыяналізмам, бо толькі так можна захапіцца прыгажосцю і глыбінёй праўды аб Уваскрасенні, да ўдзелу ў якой запрашае кожнага з нас Збаўца.
Айцец Павел Мажэйка ОР