«Я — вінаградная лаза, вы — галіны…»

V Велікодная нядзеля, Год В (02.05.2021)

Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. Іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

(Ян 15, 1–8) 

«Я — вінаградная лаза, вы — галіны…»

Я памятаю, як каля 30-ці гадоў назад у касцёле дамініканаў у Познані была арганізаваная ноч чування. Здаецца, гэта была субота ў актаве Пасхі, тады свята Божай Міласэрнасці яшчэ не было афіцыйна зацверджаным у Касцёле. Але з нагоды ўспаміну Божай Міласэрнасці перад амбонаю быў выстаўлены поўнага памеру абраз Езуса Міласэрнага, копія віленскага, і вернікаў запрасілі выказаць свае малітоўныя інтэнцыі перад гэтым абразом. Блізка да абраза падышоў адзін францішканін, які быў сярод іншых на чуванні. Гэта быў айцец Блажэй, я ведаў яго асабіста. Перад абразом ён распачаў спантанную малітву, звязаўшы яе са словамі, якія мы сустракаем у сённяшнім евангельскім чытанні. Гледзячы на абраз, ён звяртаўся да Езуса, як галінка да вінаграднай лазы. Усё гэта разам — абраз Езуса і евангельскія словы пра вінаградную лазу і галіны — вельмі мяне ўразіла.

Варта адчуць сувязь урыўка пра вінаградную лазу, Вяночка да Божай Міласэрнасці і абраза Езуса Міласэрнага. Два промні святла, якія сыходзяць з прабітага бока Пана Езуса, азначаюць хрост, сакрамэнт нашага ачышчэння, і Эўхарыстыю, крыніцу нашага асвячэння і ўзрастання ў еднасці з Езусам. Божае слова і сакрамэнты, якія для нас пакінуў Езус у Касцёле, — гэта прылады, што дапамагаюць нам ўсё больш яднацца з Хрыстом, як галінкі з лазою.

У мінулую пятніцу а 15-й гадзіне я падлучыўся да беларускага «Радыё Марыя», і разам з вернікамі мы маліліся Вяночак у многіх інтэнцыях. Які ж вялікі дар — Вяночак да Божай Міласэрнасці! Як цудоўна, што праз сродкі масавай інфармацыі ў гэтай малітве можна сабрацца разам з вернікамі іншых парафій у гадзіну, калі Езус аддаў за нас сваё жыццё. Карыстаймася гэтай магчымасцю! Будзьма ўпэўненыя, што ў гэты час з Сэрца Езуса, як з крыніцы, у нашыя сэрцы ўліваюцца струмені ласкі, абдымаючы ўвесь свет, асабліва тых, хто канае, хварэе, церпіць, і яшчэ душы, якія пакутуюць у чыстцы. Тады кожная галінка, прышчэпленая да вінаграднай лазы Жыцця, пульсуе Божым жыццём, і мёртвыя галінкі ажываюць.

Калі мяне запрашаюць наведаць хворых, пасля споведзі і часам пасля ўдзялення сакрамэнту намашчэння хворых перад тым, як удзяліць святую Камунію, я чытаю фрагмент Евангелля пра вінаградную лазу (14 раздзел з Евангелля паводле Яна). Я перакананы, што Касцёл вельмі ўдала выбраў гэты тэкст, каб умацаваць хворых у надзеі, што, прымаючы святую Камунію, яны яднаюцца з Міласэрным Езусам, як галінкі з вінаграднай лазой. Такім чынам праз прыняцце Эўхарыстыі Езус прабывае ў іх, а яны — у Ім. Хвароба і адыход з зямнога жыцця — гэта благаслаўлёны час ачышчэння душы чалавека ад пыхі і іншых недасканаласцяў з дапамогаю Бога Айца, які клапоціцца, каб вінаградная лаза прыносіла яшчэ багацейшы плён.

Мне сумна, калі даводзіцца прымаць удзел у пахаванні католікаў, памерлых без сакрамэнтаў, якія не практыкавалі веру і толькі намінальна належалі да Касцёла. Я іду на пахаванне, каб памаліцца за памерлага і пазней цэлебраваць за яго святую Імшу, а яшчэ для таго, каб некалькі словаў сказаць яго блізкім, што прыйшлі на пахаванне, паразмаўляць з імі пра Божую любоў і Касцёл (Царкву), пра святароў, якіх Пан Езус дае, каб вернікі — Яго авечкі — мелі жыццё ў паўнаце. Гэтымі словамі, звяртаючыся да блізкіх памерлага, я запрашаю іх у веры прыняць дар сакрамэнтаў і засцерагаю, каб праз малую веру і занядбанне з хрысціянамі не сталася тое, пра што мы чытаем у сённяшнім евангельскім урыўку — каб абрэзаныя ссохлыя галінкі не ўкінулі ў агонь і не спалілі.

Падзякуем жа Богу за заснаваны Ім Касцёл. Падзякуем за святароў і папросім у Бога яснага сведчання таго, што яны належаць Езусу, каб яны сталі добрымі прыладамі ў Яго руках. Пан Езус, вінаградная лаза, прагне ўдзяліць сваім галінкам найлепшыя сокі, багатыя мінераламі і вітамінамі, а сонцам свайго Провіду хоча сагрэць галінкі, даць ім цяпло Божага слова, бо гэта абавязкова патрэбна, каб галінкі маглі даць багаты і смачны плён.


Айцец Раман Шульц ОР

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней