VI Велікодная нядзеля, Год В (11.04.2021)

Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

(Ян 15, 9–17)

Ключы да шчасця

Сёння ў Евангеллі Пан Езус прамаўляе некалькі словаў-ключоў: любоў, сяброўства, адданне жыцця і радасць. Любоў, якая азначае адданне жыцця — гэта запаведзь, дадзеная Панам Езусам, і гэтая запаведзь — прычына радасці. Для нас невідавочна, чаму адданне жыцця можа быць радасцю. Для нас гэта асацыюецца з мучаніцтвам, але насамрэч ў адданні ёсць любоў і радасць, бо яно азначае гатоўнасць прысвяціць жыццё нечаму, гатоўнасць увайсці ў нейкія адносіны са светам, мудрасцю, навукай і гэтак далей… Чаму я прысвяціў сваё жыццё? З кім я ўвайшоў у адносіны? Што гэта за адносіны?

Парадокс у тым, што адзіны шлях не змарнаваць жыцця — гэта аддаць яго чамусьці, прысвяціць. У гэтым праяўляецца любоў, гэта дарога да паўнавартаснага, цэласнага жыцця. Жыццё, калі мы не аддадзім яго нечаму, высыпецца, як пясок скрозь пальцы. Калі шлях да сапраўднага шчасця — прысвячэнне, узнікае праблема выбару, а значыць — праблема свабоды. Невыпадкова Пан Езус гаворыць, што называе нас ужо не сваімі слугамі, нявольнікамі, але сябрамі. Калі мы адчуваем сябе толькі нявольнікамі, то разумеем, што ўжо не маем выбару і тады не аддаём жыцця самі, а нехта адбірае яго ў нас. З аднаго боку, Пан Езус выразна гаворыць, што ніхто не адбірае ў Яго жыцця, а Ён сам яго аддае, і гэта рыса караля, а не нявольніка. І да гэтага ж Ён заахвочвае ўсіх нас, таму называе нас сябрамі, хоча, каб мы былі, як Ён, каб гэты вялікі дар, якім ёсць жыццё, мы не баяліся патраціць, перамяніць у любоў і праз гэта замяніць часовае на вечнае.

Хачу падзяліцца ўрыўкам з кнігі, якую я прачытаў шмат гадоў таму. Гаворка ідзе пра ўспаміны аднаго навукоўца. Дырэкцыя школы, дзе вучыліся ягоныя дзеці, папрасіла яго сказаць прамову на выпускным дачкі. У гэтай прамове прагучала мудрая думка: бацькі заўсёды хочуць шчасця для дзяцей, але часта робяць памылку. Ім хочацца даць дзецям усё, каб яны былі шчаслівыя, а насамрэч шчасце такім чынам праходзіць міма, бо яго мы атрымліваем тады, калі самі робім нешта добрае. Зрабіць дзяцей шчаслівымі — гэта не даць ім усё, а навучыць іх ахвяроўваць сваё жыццё нейкім важным рэчам, і з жыцця, адданага дабру і любові, атрымліваецца шчасце. Ахвяруючы жыццё любові, якая мае крыніцу ў Пану Богу, мы атрымліваем самае вялікае шчасце, падабенства да Хрыста і ўдзел у Яго Боскім жыцці.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней