«Дык ідзіце і навучайце ўсе народы…»

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год В (30.05.2021)

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку».

(Мц 28, 16–20)

«Дык ідзіце і навучайце ўсе народы…»

Місійны наказ Хрыста гучыць недвухсэнсоўна. Ён не заклікае тлумачыць паўсюдна складаныя тэалагічныя праўды — гэта другасная задача. Праз абвяшчэнне вучні павінны дзяліцца сваім досведам: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы», або, як падаецца ў некаторых перакладах: «Шукайце вучняў ва ўсіх народах». У гэтым сутнасць Святога Пісання: яно — не трактат пра Адзінага Бога, пра падвойную натуру Хрыста або пра тры Боскія Асобы. Яно апісвае досвед чалавека, які сустракаецца з Жывым Богам і ўваходзіць з Ім у асабістыя адносіны. Пасля ўнебаўшэсця Хрыста вучні і далей павінны ісці, не стаяць на месцы, бо гэтага з самага пачатку хацеў ад іх Хрыстус, паклікаўшы: «Ідзі за Мною». Наследаваць Хрыста — азначае ісці крок у крок за Ім. Слова «наследаваць» сустракаецца ў Евангеллях каля 80-ці разоў, і толькі аднойчы як назоўнік «наследаванне» (гр. akolouthesis), то бок, як абстрактнае паняцце. Ва ўсіх іншых выпадках гэта дзеяслоў (гр. akolouthein), а менавіта канкрэтная жыццёвая пазіцыя, дзеянне. Таму вучні, якія пасля Хрыстовага ўваскрасення дазволілі, каб іх вёў Дух Божы (гл. Рым 8, 14), паспяшаліся ў дарогу за Езусам, каб дзяліцца досведам веры з іншымі, хрысцячы іх у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Немаўля, якое толькі прыйшло ў свет, не разумее, што значыць яго нараджэнне — як яго зачалі і прынялі бацькі — але гэта не змяняе праўды працэсу нараджэння, і гэта досвед, які немаўля перажыло. Гэтак жа і мы, прынятыя Тройцай Святой праз хрышчэнне, уваходзім з Богам у асабістыя адносіны. Нам незразумелая прырода жыцця ў Богу як супольнасці Трох Асобаў, але ў хросце мы атрымліваем боскае жыццё. Гэта адбываецца ў кожным жэсце благаслаўлення, калі Айцец нібыта абдымае нас сваімі далонямі — Хрыстом і Святым Духам. Бог Айцец, стварыўшы нас і адкупіўшы, «меў вялікую і невымоўную дапамогу, бо ва ўсім Яго падтрымлівалі Яго самыя Блізкія, Яго Рукі — Дух і Сын, Слова і Мудрасць» (св. Ірынэй Ліонскі, ІІ ст.).


Айцец Мацей Біскуп ОР
Паводле матэрыялаў інтэрнэт-часопіса Wdrodze.

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней