Вялікае супрацьстаянне

X Звычайная нядзеля, Год B (06.06.2021)

Калі ж Адам з’еў з дрэва, паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, і схаваўся. Сказаў Бог: Хто сказаў табе, што ты голы? Можа еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есці? Адам сказаў: Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я. І сказаў Пан Бог жанчыне: Чаму ты гэта зрабіла? Яна сказала: Змей падмануў мяне, і ела я. Тады сказаў Пан Бог змею:

За тое, што ты зрабіў гэта,
ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі.
На жываце сваім поўзаць будзеш
і пыл будзеш есці
праз усе дні жыцця свайго.
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю,
і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам.
Яно сатрэ табе галаву,
а ты сатрэш яго пяту.

(Быц 3, 9–15)

Маючы той самы дух веры, як напісана: «Я паверыў, таму прамовіў», і мы верым, таму і кажам, ведаючы, што той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою разам з вамі. Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы. Таму мы не губляем адвагі, бо, хоць знешні наш чалавек тлее, духоўны з дня ў дзень аднаўляецца. Нашае часовае лёгкае цярпенне дае нам бязмернае багацце вечнай славы. Мы не ўзіраемся ў бачнае, але ў нябачнае, таму што бачнае – часовае, а нябачнае – вечнае.

Мы ведаем, што калі зямны дом нашага жылля разваліцца, то ад Бога маем жыллё – нерукатворны вечны дом у нябёсах.

(2 Кар 4, 13 — 5, 1)

І прыйшоў Езус з вучнямі ў дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават паесці хлеба. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум.
А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і князем злых духаў Ён выганяе злых духаў. А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: «Як можа сатана выганяць сатану? Калі валадарства падзеліцца знутры, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом падзеліцца знутры, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць сябе і падзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка. Тады толькі абрабуе дом ягоны. Сапраўды кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі». Так сказаў, бо гаварылі: «Ён мае нячыстага духа».

Тады прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: «Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе». Але Ён сказаў ім у адказ: «Хто маці Мая і браты Мае?» І, паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».

(Мк 3, 20–35)

Вялікае супрацьстаянне

Сённяшнія чытанні разказваюць нам пра барацьбу духа злоха супраць Духа Божага, пра барацьбу дзяцей злога духа і дзяцей Духа Святога. Запрашаем паразважаць над дзесяццю спосабамі дзеяння злога духа і Святога Духа. Хрысціянская традыцыя на памежжы стагоддзяў вылучыла спосабы дзеяння Духа Святога. Іх веданне патрэбнае нам, каб умець супрацоўнічаць з Ім. Гэтак жа істотна ведаць і спосабы дзеяння злога духа — спакусы, каб быць здольнымі супрацьстаяць яму. Вось дзесяць спосабаў дзеяння Духа Святога і злога духа, вылучаныя ксяндзом Эдвардам Станекам.

1 спосаб:

Вораг: чыніць так, што грэх падабаецца чалавеку.
Дух Святы: абуджае згрызоты сумлення.

2 спосаб:

Вораг: пазбаўляе ахвоты чыніць дабро, перабольшваючы цяжкасці. Гасіць душэўныя сілы.
Дух Святы: дае сілы, каб чыніць дабро, надзяляе моцай пераадолення.

3 спосаб:

Вораг: зачароўвае любоўю да стварэнняў і прымушае затрымацца на стварэнні, каб не дапусціць любові да Бога.
Дух Святы: заклікае любіць Бога і ў Ім — стварэнні.

4 спосаб:

Вораг: развівае ў чалавеку комплексы, паказваючы яму яго хібы і недахопы.
Дух Святы: дапамагае прыняць сябе саміх.

5 спосаб:

Вораг: закалыхвае чуйнасць чалавека, каб ад добрых намераў давесці яго да злых мэтаў.
Дух Святы: дбае пра добрыя намеры, добрыя сродкі і добрыя мэты.

6 спосаб:

Вораг: напаўняе страхам.
Дух Святы: напаўняе адвагаю.

7 спосаб:

Вораг: вядзе звілістымі сцежкамі, дзейнічае прыхавана.
Дух Святы: вядзе шляхамі праўды і шчырасці. Вядзе да споведзі.

8 спосаб:

Вораг: уцякае ад адказнасці за дрэнныя ўчынкі. Абмывае рукі, як Пілат.
Дух Святы: заклікае браць на сябе адказнасць за зробленыя злыя ўчынкі.

9 спосаб:

Вораг: замыкае чалавека ў самоце.
Дух Святы: адкрывае чалавека іншым людзям, адорвае любоўю.

10 спосаб:

Вораг: закідвае чалавека працаю і вядзе да цалкавітай змучанасці.
Дух Святы: клапоціцца пра мудры адпачынак.


Айцец Раман Шульц ОР

 

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней