XI Звычайная нядзеля, Год B (13.06.2021)
Так кажа Пан Бог:
Вазьму Я з вяршыні высокага кедру і пасаджу. З верхніх галін ягоных адламаю парастак і пасаджу на высокай і ўзнёслай гары. На высокай гары Ізраэля пасаджу яго. І пусціць галлё і прынясе плён, і стане велічным кедрам, і будуць жыць пад ім усялякія птушкі, усялякае птаства будзе гняздзіцца ў ценю галля ягонага. І даведаюцца ўсе дрэвы палявыя, што Я, Пан, паніжаю высокае дрэва, а нізкае дрэва ўзвышаю; зялёнае дрэва высушваю, а сухое дрэва прымушаю квітнець. Я, Пан, сказаў і так зраблю.
(Эзх 17, 22–24)
Маючы ўпэўненасць у кожнай хвіліне, ведаем, што калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Пана, бо жывём вераю, а не бачаннем. Аднак, маючы ўпэўненасць, мы больш хочам пакінуць цела і пасяліцца ў Пану. Таму стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго. Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці дрэннае.
(2 Кар 5, 6–10)
Езус сказаў народу: «Так і Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. Ён спіць і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, не ведае. Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво».
І сказаў: «З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі».
У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.
(Мк 4, 26–34)
Мы — пілігрымы
Сёння ў літургічных чытаннях для нас гучаць дзве прыпавесці пра Божае Валадарства, іншымі словамі — пра валадаранне Бога. У абедзвюх гаворка ідзе пра пасаджанае зерне (гарчычнае зерне, дарэчы, па памеры не большае за галоўку ад шпількі) і пра ураджай: вырастаючы, сартавое калоссе і гарчычнае дрэва бывае вышынёю да двух-трох метраў. Езус часта карыстаўся гэтым вобразам у прыпавесцях, бо ён быў вельмі зразумелы слухачам. Гэтыя людзі самі працавалі на раллі, вельмі добра ведалі сельскую гаспадарку. Яны разумелі, што гэтая праца патрабуе шмат часу і высілкаў, і разумелі, што вынік яе залежыць не толькі ад іх саміх. І Езус нагадвае ім пра гэта.
Варта паразважаць аб гэтых прыпавесцях праз прызму словаў св. Паўла з другога літургічнага чытання: «Маючы ўпэўненасць у кожнай хвіліне, ведаем, што калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Пана, бо жывём вераю, а не бачаннем». У гэтым сутнасць сённяшіх чытанняў: мы — пілігрымы, мы на шляху, паміж засеяным зернем Божага слова і жнівом. Мы пілігрымуем паміж валадараннем Бога, якое ўжо пачалося, і яго паўнатою, якая настане напрыканцы часоў, калі Езус прыйдзе зноў. Яшчэ нічога не скончана, мы ў дарозе і таму ўсё яшчэ маем надзею: «Той, хто мае сапраўдную надзею, бачыць перад сабою адкрытую прастору, скрэсленую шляхамі, якія запрашаюць пайсці па іх. Напэўна, таму сімвалам чалавека, поўнага надзеі, стаў вобраз пілігрыма. Пілігрым — гэта той, хто дзякуючы надзеі ўмее скарыстацца гэтаю прастораю і магчымасцямі» (кс. Юзаф Тышнер).
Пілігрымка — гэта, з аднаго боку, досвед залежнасці ад Бога і іншых людзей, якіх мы сустракаем на шляху, а з іншага боку, гэта неабходнасць цалкам аддацца дарозе жыцця, быць заангажаваным. Дзякуючы гэтаму ў нашым жыцці і паўсюль навокал ажыццяўляецца валадаранне Бога, якое выяўляецца ў нашым поўным даверы Богу і здольнасці быць цалкам «тут і цяпер». Як добра сказаў пра гэта св. Ігнацый Лаёла: «Маліся так, быццам усё залежыць ад Бога, а працуй так, быццам усё залежыць ад цябе».
Айцец Крыштаф Паплаўскі ОР


