XII Звычайная нядзеля, Год B (20.06.2021)
У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: «Пераправімся на другі бераг». І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны. І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою. А Езус спаў на карме на ўзгалоўі. Пабудзілі Яго і сказалі Яму: «Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?» Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: «Змоўкні, супакойся!» Тады вецер сціх, і настала вялікая ціша. А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: «Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»
(Мк 4, 35–41)
«Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»
Часам людзі, якія няшмат ведаюць пра хрысціянства, пачынаюць спачуваць вернікам: маўляў, яны павінны маліцца, рэгулярна хадзіць у касцёл, сачыць за сваім ладам жыцця, каб не награшыць і гэтак далей. Для некаторых гэта нагода не змяняць сваё жыццё, а далей працягваць жыць «свабодна», а не так, як, на прыклад, «бедныя католікі». Ці маюць такія людзі рацыю? Іх шкадаванне можна параўнаць з тым, як шкадуюць сям’ю, дзе растуць малыя дзеці. Здаецца, што жыццё гэтай сям’і складаецца з адных клопатаў і праблем, незнаёмых чалавеку, што жыве толькі для сябе. Аднак насамрэч гэтыя справы і клопаты напаўняюць жыццё маладых бацькоў сэнсам і шчасцем, якое не даецца легка, але затое застаецца сапраўдным і трывалым. Народная мудрасць добра кажа: «Як трывога, то да Бога». А калі Бог не ўваходзіць у жыццёвыя прыярытэты, то да каго звяртацца, як трывога?
Апосталы, аказаўшыся ў чаўне пасярод узбуранага мора, звяртаюцца да Таго, Каго, здаецца, зусім не клапоціць небяспека патануць. Звяртаюцца і не памыляюцца. Езус Хрыстус ёсць Богам, якому падуладнае ўсё стварэнне. І на Яго слова бура паслухмяна супакойваецца, небяспека мінае.
Таму мы, хрысціяне католікі, можам памяняцца ролямі з няверуючымі людзьмі, якія могуць разлічваць толькі на сваю недасканалую, схільную да памылак натуру. Мы можам пашкадаваць тых, хто не зрабіў крокe да Бога. Аднак замест гэтага давайце лепш разпавядзем ім пра Хрыста.
Айцец Павел Мажэйка ОР