ХІІІ Звычайная нядзеля, год В (28.06.2021)
Калі Езус ізноў пераправіўся ў чоўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. Прыйшоў таксама адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Езуса, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы: «Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла». І Ён пайшоў з ім. А вялікі натоўп ішоў за Езусам і ціснуўся да Яго.
Таксама жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонага плашча. Бо казала сама сабе: «Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею». І ў тую ж хвіліну спыніўся ў яе крывацёк, і яна адчула ў целе, што вызвалілася ад хваробы. Езус, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: «Хто дакрануўся да Майго плашча?» А вучні Ягоныя сказалі Яму: «Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся “хто дакрануўся да Мяне?”» Але Ён аглядаўся, каб убачыць тую, якая гэта зрабіла. А жанчына спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што з ёй сталася. Яна падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад сваёй хваробы».
Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: «Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?» Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!» І не дазволіў нікому ісці за сабою, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. Калі прыйшоў у дом кіраўніка сінагогі, убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў. Увайшоўшы, Ён сказаў ім: «Чаго мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць». І насміхаліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з Ім, і ўвайшоў туды, дзе было дзіця. Узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Таліта, кум!», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!» Дзяўчынка адразу ўстала і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі яны ў вялікім здзіўленні. А Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў даць ёй есці.
(Мк 5, 21–43)
«Вера твая ўратавала цябе»
Рэлігійная вера будзе вельмі недасканалай, калі адсутнічае давер да Таго, чыё Боскае існаванне не выклікае сумненняў. Аднак менавіта такою часта аказваецца вера многіх, хто лічыцца веруючым, бо ў крытычны момант, калі, здаецца, вера павінна ўзмацняцца (як у жанчыны ці начальніка сінагогі з Евангелля), у многіх, наадварот, узнікаюць сумненні ў магутнасці прызнаванага імі Бога ці ў тым, што Ён, у адрозненне ад нас, заўсёды выконвае свае абяцанні. Некаторыя апраўдваюцца нежаданнем выпрабоўваць Бога, хоць часта за гэтым стаіць страх згубіць рэшткі даверу да Яго, калі раптам спадзяванне, просьба, малітва не прынясуць жаданага выніку.
У той жа час людзі лёгка дазваляюць авалодаць сабой меркаванням іншых людзей і даверу іх кампетэнцыі, нібы яны ў многіх жыццёвых сітуацыях разбіраюцца лепш за Створцу і Пана ўсяго: «На Бога надейся, но сам не плошай». Толькі часта за гэтым, у пэўнай ступені, слушным выразам, стаіць чыста фармальны падыход да веры і перакананне, што чалавек — абсалютны пан свайго лёсу. Але жыццё сведчыць аб іншым. Колькі людзей ва ўсім свеце старанна ахоўвалі сябе і сваіх блізкіх ад COVID-19, звёўшы да мінімума рэлігійныя практыкі (нібы ў касцёле верагоднасць заразіцца большая, чым у краме ці тым жа шпіталі), аднак многіх гэта не ўратавала ні ад хваробы, ні нават ад смерці (без сакрамэнтаў!)
Чыста свецкае і атэістычнае перакананнне ў абсалютнай вартасці зямнога жыцця настолькі пранікла ў свядомасць многіх вернікаў, што яны больш баяцца смерці ад COVID-19 (хоць і так кожны ад нечага некалі памрэ), чым страты навекі вечнага жыцця ў Божым Валадарстве. Безумоўна, дасягненнямі медыцыны, якія не парушаюць Божага парадку і маральных нормаў, карыстацца трэба, каб падтрымаць і зберагчы дар фізічнага жыцця і здароўе, але пры гэтым не павінна цярпець здароўе духоўнае…
Хоць, пэўна, не кожнаму пашчасціць дасведчыць цудаў, падобных да тых, якія Езус учыніў жанчыне, што хварэла 12 гадоў, або Яіру, чыя (таксама 12-гадовая) дачка вярнулася да зямнога жыцця, гэта не прычына, каб сумнявацца ў Яго жаданні або здольнасці дапамагчы. Проста не хапае нам веры, здольнай адкрыць чалавека на Бога настолькі, каб з Таго выйшла жыццядайная моц і наведала душу і цела самога верніка і тых, за каго ён просіць, умацоўваючы ўпэўненасць, што ніякія выпрабаванні, цярпенні, хваробы і нават фізічная смерць, не змогуць аддзяліць нас ад Хрыстовай любові…
Айцец Міхал Ермашкевіч OP

