XV Звычайная нядзеля, Год B (11.07.2021)

Пасля паклікаў Дванаццаць, і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. Наказаў ім не браць у дарогу нічога, акрамя аднаго кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак. Ён сказаў ім: «Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. Калі ў якім-небудзь месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне ім». Пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, выганялі шмат злых духаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.

(Мк 6, 7–13)

Нястача і ўлада

Дарагія сябры, сёння ў Евангеллі мы бачым Пана Езуса, які пасылае вучняў прапаведаваць Божае Валадарства, клікаць да навяртання. І мы бачым, што Пан Езус патрабуе, каб вучні не рыхтаваліся да гэтага шляху ў матэрыяльным плане: каб яны не бралі з сабою ні грошай, ні іншай вопраткі. Паразважайма, чаму так.

Абапіраючыся на ўласны досвед, мяркую, што ў пэўным сэнсе Пан Езус патрабуе, каб у іх быў досвед нястачы: адчуванне таго, што ім нечага не хапае, што яны залежаць ад іншага чалавека і ад Бога. Найперш ад Бога, які можа забяспечыць іх патрэбы праз іншага чалавека. Гэтае адчуванне залежнасці і таго, што сам сябе я не ў стане цалкам забяспечыць, — гэта вельмі важны момант. Гэта, насамрэч, адзіная для мяне магчымасць заўважыць Божае дзеянне: так, я не магу паклапаціцца пра сябе ва ўсім, але ёсць Той, хто пра мяне клапоціцца. Гэта не азначае, што можна жыць легкадумна, не. Разважлівасць неабходная, але вельмі важна, каб мы ўмелі заўважыць сітуацыі, калі Пан Бог пра нас клапоціцца.

Парадаксальна, але такія моманты нястачы, маёй недастатковай гатоўнасці, недастатковай абазнанасці ў нечым, разгубленасці перад светам — гэта час, калі можна адчуць сябе любімым Божым дзіцем, якому даецца ўсё. Гэтыя моманты нястачы — крок да таго, каб адчуць сябе спадкаемцам усяго сусвету. Існуе пэўная небяспека ў вельмі добрай падрыхтоўцы да місіі Хрыста. Яна заключаецца ў тым, што я магу такім чынам пабудаваць для сябе ўласнае сховішча, а Пан Бог хоча, каб я стаў уласнікам усяго Божага Валадарства, Яго спадкаемцам, а не ўласнікам аднаго малога куточка. А калі я той, хто атрымаў усё гэта, то мушу разумець, што дадзеная мне ўлада — не мая, мае сілы і здольнасці рабіць усё, што хачу — гэта Божая ласка, якою я магу карыстацца. Калі я адчуваю сябе любімым Божым дзіцем, то карыстаюся гэтаю ўладаю паводле Божай любові.

Глядзіце, што адбываецца. Пан Езус з аднаго боку пасылае вучняў у свет і хоча, каб яны заставаліся залежнымі: без грошай, без хлеба, без зменнай вопраткі, а з іншага боку дае ім у рукі вельмі вялікую ўладу. Адзін толькі прыклад гэтага: яны могуць цяпер выганяць злых духаў, яны могуць аздараўляць хворых. І пры гэтым вучні маюць досвед залежнасці ад Пана Бога, якая не прыніжае іх, а наадварот, паказвае, што яны — Божыя дзеці, што ім не трэба баяцца, што ім не трэба даказваць сваю важнасць. Тады яны могуць гэтую вялікую ўладу выкарыстоўваць па Божай волі — для любові, выкарыстаць так, што ўлада ў іх руках не будзе пагрозаю для тых, да каго яны пасланыя.

Вельмі важна памятаць на сваім жыццёвым шляху, што і мы пакліканыя гэтак жа, як Апосталы. Мы можам не мець улады выганяць злых духаў, але можам многае іншае. Пан Езус укладае ўладу ў нашыя рукі, каб мы маглі служыць бліжнім, каб Ён праз нас мог дакрануцца да бліжняга. І ў той жа час Ён патрабуе, каб мы Яму даверыліся, не пажадалі мець кантроль над рэчаіснасцю, а паверылі, што Ён дасць нам усё, што патрэбна. Езус жадае, каб гэтая нашая нястача не стала для нас прыніжэннем, а стала месцам, дзе праяўляецца Божы клопат пра нас, праяўляецца нашая вялікая годнасць — годнасць Яго дзяцей.


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней