Ці патрэбны нам настаўнікі?

XVI Звычайная нядзеля, Год B (18.07.2021)

Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. А Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці. Таму адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.

Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх многаму вучыць.

(Мк 6, 30–34) 

Ці патрэбны нам настаўнікі?

У сучаснай культуры існуе папулярная плынь, паводле якой чалавек павінен імкнуцца да самаўдасканалення і незалежнасці ад іншых. Можа здавацца, што кожны мае ў сабе натуральнае прагненне да аўтаноміі. Нейкі час, у дзяцінстве, чалавеку патрэбная апека бацькоў, але з цягам часу дзіцячае «я сам!» гучыць усё больш упэўнена, калі толькі бацькі не хочуць зрабіць з дзіцяці цалкам залежную ад іх асобу. А як гэта дзейнічае ў дарослым жыцці? Ці прыходзіць час, калі мы можам сказаць, што ўжо самастойна прымаем рашэнні і нясем за іх адказнасць і што нам непатрэбныя ніякія парады? Аказваецца, што на працягу ўсяго жыцця чалавеку патрэбныя аўтарытэты і парады іншых. Нават старэйшае пакаленне мусіць звяртацца да малодшага па параду, як паводзіць сябе ў сучасным свеце. Але як знайсці такі аўтарытэт, такога дарадцу, які не будзе шукаць асабістай карысці, які ўшануе свабоду выбару іншага чалавека і не звядзе на няпэўны альбо памылковы шлях?

У часы Езуса прагненне знайсці такога сапраўднага настаўніка добра прасочваецца. Інакш навошта натоўпы людзей хадзілі за Ім, не зважаючы на адлегласць? Людзі больш клапаціліся пра тое, каб пачуць навучанне Хрыста, чым пра тое, каб забяспечыць сабе ў дарозе адпаведныя выгоды. Яны ішлі за Езусам у пустыннае месца, не думаючы пра ежу.

Дзе ж мы згубілі гэтае прагненне сапраўднай мудрасці, большае за жаданне стварыць сабе камфортныя ўмовы жыцця? Магчыма, нам ёсць чаму павучыцца ў гэтых простых людзей, бо і Езус кажа: «Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам» (Мц 6, 33).


Айцец Павел Мажэйка OP

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней