«Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася»

XVIІ  Звычайная нядзеля, Год B (25.07.2021)

Пасля гэтага Езус адышоў за Галілейскае, або Тыберыядскае мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі знакі, якія чыніў над хворымі. І ўзышоў Езус на гару, і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята. Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: «Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?» А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць. Філіп адказаў Яму: «Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць ім, каб кожнаму дасталося хоць крыху!» Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: «Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбіны, але што гэта для такога мноства?» Езус сказаў: «Загадайце людзям сесці». А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч. Езус узяў хлябы і, узнёсшы падзяку, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, кажа вучням сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася». Яны сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся ў тых, хто еў. Калі ж людзі ўбачылі, які знак учыніў Езус, казалі: «Ён сапраўды прарок, які павінен прыйсці на свет!» Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.

Ян 6, 1–15

«Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася»

Кагосьці гэтая фраза Пана Езуса, магчыма, вельмі здзівіць, бо можна падумаць: «Бог, Створца і Пан сусвету, які з нічога можа зрабіць усё, які толькі што накарміў пяццю хлябамі і дзвюма рыбінамі пяць тысячаў чалавек, — і гаворыць пра ашчаднасць?! Яму якая з гэтага карысць?» Яму, канешне, ніякай. Але прыгадванне пра ашчаднасць патрэбна нам, якія прызвычаіліся да дабротаў цывілізацыі, забыліся, што такое сапраўдны голад, развучыліся цаніць і шанаваць працу не толькі іншых людзей, але і сваю. Бо ў сённяшнім «цывілізаваным» свеце штодзённа выкідваецца на сметнікі столькі ежы, колькі хапіла б на доўгі час многім жыхарам менш эканамічна развітых краінаў, а значыць, марнуюцца і грошы, за якія яна была набыта. Пэўна, вельмі лёгка камусьці яны дастаюцца, таму і дазваляюць сабе падобнае…

Але, як бачым, Богу гэта не падабаецца. І аб тым павінны памятаць усе, хто лічыць «праяваю добрага тону» пакідаць недаедзеныя стравы на талерцы: маўляў, я — не бедны, не галодны, не скупы. Або з падобнымі думкамі набывае ці гатуе ежу ў колькасці, якая нашмат перавышае рэальныя патрэбы, каб потым нават не жывёлам аддаць, а проста выкінуць. Шчодрасць не азначае марнатраўства, безгаспадарлівасць не з’яўляецца цнотаю. Праўда, не з’яўляецца ёю і іншая скрайнасць, калі хто пры наяўнасці адпаведных сродкаў і без выразнай прычыны абмяжоўвае сябе і іншых у неабходным. Але шкода ад гэтага не такая вялікая і абуральная, як у выпадку марнатраўства.

Можна шмат і доўга разважаць, каму ў спажывецкім грамадстве выгадна несправядліва размяркоўваць прадукцыю, навошта ладзіць конкурсы на хуткасць і колькасць спажывання, або, напрыклад, дзеля забавы кідацца тортамі, яйкамі або рознымі пладамі. Гэта зусім не смешна. Гэта неразумна і амаральна. Сапраўдны хрысціянін, памятаючы ўзгаданую фразу Хрыста, не толькі не павінен у гэтым удзельнічаць, але і па меры сваіх магчымасцяў паказваць прыхільнікам такіх мерапрыемстваў усю іх абсурднасць і недапушчальнасць, прынамсі, з салідарнасці з тымі, хто не мае магчымасці карыстацца гэтымі дарамі Бога і плёнам працы людзей, а таксама — і перш за ўсё — з-за ўдзячнасці і павагі да Таго, Хто ўсё гэта дае.

І не забываючыся, што цуд памнажэння хлябоў з’яўляецца вобразам Эўхарыстыі, варта нагадаць, што словы Езуса з сённяшняга Евангелля заахвочваюць да таго, каб гэты найкаштоўнейшы Дар таксама не быў марнаваны. Пачынаючы з належнай пашаны да бачных эўхарыстычных постацяў (каб нічога не ўпала, не было патаптана ці зняважана) і заканчваючы плённым карыстаннем нябачнай сакрамэнтальнай ласкай як дзейснаю дапамогаю ў духоўнай працы над сабой і на карысць усяму Божаму народу.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней