Што значыць верыць?

XVІІІ Звычайная нядзеля, Год B (01.08.2021)

Калі натоўп убачыў, што там няма ні Езуса, ні вучняў Ягоных, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?»

Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!» А яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?» Езус адказаў ім: «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў».

Яны ж сказалі Яму: «Які ж Ты зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есці”». Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы — гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету». Тады сказалі Яму: «Пане, давай нам заўсёды такі хлеб». Езус адказаў ім: «Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць.

(Ян 6, 24–35)

Што значыць верыць?

У сённяшнім евангельскім чытанні мы чуем, як Езус гаворыць, што справа Божая — верыць у Таго, каго паслаў Нябесны Айцец. Паслухаем цяпер, што гаворыць пра гэта Тамаш Аквінскі: у чатырох тэзісах ён тлумачыць, што значыць верыць. Па-першае — праз веру душа злучаецца з Богам. Па-другое — праз веру пачынаецца ў нас жыццё вечнае. Па-трэцяе, вера кіруе цяперашнім жыццём. Па-чацвертае — праз веру перамагаем спакусы. У каментары да Апостальскага сімвала веры (гэта яго мы прамаўляем, молячыся Ружанец і Вяночак да Божай міласэрнасці) чытач знойдзе глыбокія разважанні гэтага Доктара Касцёла. Запрашаю вас уважліва прачытаць гэты тэкст і паразважаць над ім. 

Першае, што неабходна хрысціяніну і без чаго ніхто не можа называцца сапраўдным хрысціянінам, гэта вера. Яна вядзе да чатырох духоўных дабротаў. Па­першае, праз веру хрысціянская душа яднаецца з Богам. Гэта ў чымсьці падобна да сужэнства з Богам, да шлюбу ў веры (пар. Ос 2, 20). Таму чалавек, прымаючы хрост, у першую чаргу вызнае веру, калі ў яго пытаюцца: «Ці верыш у Бога?» Хрост — гэта першы сакрамэнт веры. У сувязі з гэтым Пан гаворыць у Евангеллі паводле святога Марка: «Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены» (Мк 16, 16). Хрост без веры не мае карысці. Таму трэба ведаць, што ні­хто не можа прыйсці да Бога без веры: «Без веры немагчыма спадабацца, бо той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць» (Гбр 11, 6). У Пасланні да Рымлянаў напісана: «Усё, што не паводле веры, — грэх» (Рым 14, 23), і святы Аўгустын у сувязі з гэтым гаворыць: «Там, дзе няма пазнання вечнай і нязменнай праўды, цнота з’яўляецца фальшывай нават пры найлепшых норавах».

Па­другое, дзякуючы веры ў нас пачынаецца вечнае жыццё. Сапраўды, вечнае жыццё — гэта не што іншае, як пазнанне Бога, таму Пан гаворыць у Евангеллі паводле святога Яна: «А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзі­нага праўдзівага Бога» (Ян 17, 3). Такое пазнанне Бога пачынаецца праз веру, але ўдасканаліцца ў будучым жыцці, дзе мы спасцігнем Яго такім, які Ён ёсць, таму ў Пасланні да Габрэяў гаворыцца: «Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся» (Гбр 11, 1). Ніхто не можа дай­сці да шчасця, якім з’яўляецца сапраўднае пазнанне Бога, калі спачатку не пазнае Яго праз веру: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў» (Ян 20, 29).

Па­трэцяе, вера кіруе чалавекам у зямным жыцці. Сапраўды, для таго, каб добра жыць, трэба ведаць, што неабходна для добрага жыц­ця, і хоць чалавек мог бы даведацца пра ўсё неабходнае для добрага жыцця праз навукі, але ён ці не мае магчымасці для гэтага, ці павінен па­траціць на гэта вельмі шмат часу. А вера прапануе ўсё неабходнае для добрага жыцця, бо вучыць, што ёсць адзін Бог, які ўзнагароджвае за дабро і карае за зло; вучыць, што ёсць іншае жыццё і г. д., а гэтага дастаткова, каб мы імкнуліся да дабра і пазбягалі зла: «Праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці» (Абк 2, 4). Гэта па­цвярджаецца тым, што ніводзін філосаф да прыходу Хрыста пры ўсіх сваіх намаганнях не змог здабыць столькі ведаў пра Бога і пра тое, што неабходна для вечнага жыцця, як пасля прыходу Хрыста ведае тая ці іншая бабуля дзя­куючы веры, таму ў Кнізе прарока Ісаі гаворыц­ца: «Будзе напоўнена зямля пазнаннем Пана» (Іс 11, 9).

Па­чацвёртае, вераю мы перамагаем спаку­сы. Святыя і прарокі дзякуючы ёй перамагалі валадарствы (гл. Гбр 11, 33). Кожная спакуса паходзіць або ад д’ябла, або ад свету, або ад цела. Д’ябал спакушае, каб ты не слухаў Бога і не падпарадкаваўся Яму. Гэта перамагаецца праз веру: дзякуючы ёй мы пазнаём, што Бог з’яўляецца Панам усяго, таму трэба быць Яму паслухмяным: «Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці. Моцныя ў веры, станьце супраць яго» (1 П 5, 8). Свет жа спакушае нас, прывабліваючы поспе­хам або палохаючы няўдачамі. Гэта мы таксама перамагаем верай. Паколькі мы верым у іншае жыццё — лепшае, чым зямное, то пагарджаем поспехамі гэтага свету і не баімся перашкодаў: «Гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера» (1 Ян 5, 4). Яна таксама вучыць нас, што ёсць іншае, большае зло, а менавіта пекла. Цела спакушае, прыносячы нам мімалётныя задавальненні зямнога жыцця. Але вера паказ­вае, што калі мы будзем прывязвацца да іх, то страцім вечную радасць: «А разам з усім вазьміце шчыт веры» (Эф 6, 16). Такім чынам бачна, што вера прыносіць шмат карысці (Св. Тамаш Аквінскі. Каментарыі да малітваў «Веру ў Бога»,  «Ойча наш», «Вітай, Марыя», Мінск: «Про Хрысто», 2018)


Айцец Раман Шульц ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней