Успамін святога Дамініка

XIX Звычайная нядзеля, Год B, успамін святога Дамініка (08.08.2021)

Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: «Спакой гэтаму дому!» Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: «Наблізілася да вас Валадарства Божае».

(Лк 10, 1–9)

Успамін святога Дамініка

Сёння, у гэтую нядзелю, у дамініканскім ордэне мы святкуем урачыстасць святога Дамініка. Касцёл прапануе нам для чытання ўрывак з Евангелля паводле Лукі, дзе апісваецца, як Пан Езус пасылае вучняў прапаведаваць Добрую Навіну, Евангелле аб Валадарстве. Ён пасылае іх, «як ягнят сярод ваўкоў», і гаворыць «не бярыце з сабою ні каліты, ні торбы, ні сандаляў». Пан Езус наказвае вучням несці Божы спакой у дамы, куды яны прыходзяць, праз словы «Спакой гэтаму дому!», не зважаючы на тое, якія людзі сустрэнуцца там, каму яны будуць вымушаны гэта гаварыць, бо Пан Бог зможа з гэтым справіцца. Далей Езус наказвае, каб вучні, увайшоўшы у дом, елі і пілі, што пададуць, аздараўлялі хворых, выганялі злых духаў. Гэтыя словы вельмі добра і моцна адлюстроўваюцца ў жыцці святога Дамініка. Я б хацеў над гэтым сёння паразважаць.

Пан Езус пасылае вучняў, як ягнят сярод ваўкоў, і з наказам не браць з сабою нічога лішняга. Я лічу, што гэтыя два наказы звязаны адно з адным. Рыхтуючыся да нейкай справы вельмі рупліва, можна памылкова пачаць думаць, што толькі ад падрыхтоўкі залежыць поспех справы. А Пан Езус паслаў сваіх вучняў, паслаў Дамініка і пасылае кожнага з нас з асаблівай місіяй: прапаведаваць Божае валадарства і Божае дзеянне, і таму раіць: не рыхтуйцеся залішне, каб вы ўвесь час былі тымі, хто прымае і адчувае Божую ласку. А калі я ведаю, што поспех залежыць не ад мяне, а ад усемагутнага Бога, тады мне не трэба баяцца чалавека, які стаіць насупраць мяне.

Не ведаю, ці заўважалі вы, але часта агрэсію выклікае менавіта страх, а калі чалавек не мае страху, бо давярае Божай ласцы, ён можа ўбачыць у другім чалавеку насупраць (які, магчыма, сапраўды з’яўляецца пагрозаю) свайго брата, чалавека, якога не трэба баяцца, а наадварот, якому можна нешта даць. Святы Дамінік, толькі пачынаючы свой шлях прапаведніка, сустрэў манахаў, якія стараліся навяртаць людзей, і пры гэтым былі на добрых конях, мелі з сабою золата… Тады Дамінік зразумеў, што не такія сродкі для прапаведавання патрэбныя, а калі ён сам сапраўды хоча прапаведаваць Евангелле, то трэба карыстацца сродкамі Евангелля. Таму Дамінік пайшоў прапаведаваць, спадзеючыся на Божую ласку, а не на матэрыяльныя сродкі. Калі Божая падтрымка — асабісты досвед чалавека, то ён можа прапаведаваць, што ў Богу сапраўды ёсць збаўленне. А яшчэ ўвесь час ён можа заставацца ягняткам, бо ёсць адзін пастыр — Езус Хрыстус, і Ён пастыр ягнятаў, а не ваўкоў. Ён можа ісці супраць ваўкоў не для таго, каб іх знішчыць, а для таго, каб перамяніць іх сэрцы, каб яны зноў сталі ягнятамі.

Яшчэ Пан Езус наказвае вучням, прыйшоўшы ў горад, есці і піць, што пададуць. Дамінік удзяляў шмат часу людзям, якім прапаведаваў, заставаўся з імі, размаўляў, еў і піў. Ён разумеў, што кожны чалавек, пасланы Богам, атрымлівае Божую ласку і падтрымку праз іншага чалавека. Чалавек не толькі перадае іншаму Божую ласку, яму самогу няспынна патрэбна атрымаць ласку і дабрыню ад іншага. Прапаведаванне Дамініка заключалася таксама ў тым, каб прымаць падтрымку, быць наўзаем крыніцаю Божай ласкі, адно для аднаго. Святы Дамінік меў аптымізм у адносінах да іншага чалавека. Гэты аптымізм вынікае з Евангелля: я ведаю, што мне не трэба змяняць іншага чалавека, яго змяняе Бог, і таму я магу на любога ваўка глядзець як на патэнцыяльную авечку, на любога варожага чалавека глядзець, як на добрага брата. І таму я ведаю, што чалавек, якога я баюся, які з’яўляецца для мяне пагрозаю, можа стаць для мяне крыніцаю Божай ласкі.

Гэтак адкрываецца для нас таямніца міласэрнасці: з аднаго боку, мы заўважаем недахопы, а з іншага — Божую ласку, якая бязмежна большая за іх. Такім чынам не толькі іншым людзям, але і сабе самім мы прапаведуем Евангелле аб Божым Валадарстве, якое, дзякуючы Пану Богу, можа перамяніць гэты свет. Перамяніць не толькі іншых людзей, але і мяне самога.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней